У Расеі стварылі спецыяльную камісію па якасці нафты ў «Дружбе»


Ілюсратыўнае фота – Maxim Shemetov/Reuters/Forum

Міністр энергетыкі Расеі Аляксандр Новак па даручэнні прэм’ер-міністра Дзмітрыя Мядзведзева стварыў міжведамасную камісію па праверцы парушэнні паказнікаў якасці нафты, якая транспартуецца па магістральным нафтаправодзе «Дружба», падае ТАСС са спасылкай на Міністэрства энергетыкі.

Апроч Мінэнэргетыкі ў камісію ўвойдуць кіраўнікі і намеснікі шэрагу федэральных дзяржаўных органаў, а таксама «Транснафты».

Раней у суботу Мядзведзеў даў ураду тыдзень на праверку абставінаў таго, як няякасная нафта патрапіла ў трубаправод «Дружба» падчас паставак у Беларусь і пакараць вінаватых, а таксама накіраваць матэрыялы праверкі ў Генпракуратуру.

Кіраўнік расейскага ўраду таксама даручыў прадставіць прапановы па ўдасканаленні нарматыўна-прававога рэгулявання ў галіне здабычы, захоўвання і транспартавання нафты з мэтай недапушчэння паставак спажыўцам нафты, якая не адпавядае тэхнічнаму рэгламенту Еўразійскага эканамічнага саюзу.

19 красавіка канцэрн «Белнафтахім» заявіў аб «рэзкім пагаршэнні» якасці расейскай нафты «Urals», які паступае транзітам па нафтаправодзе «Дружба».

Праз тры дні Мазырскі НПЗ заявіў аб тым, што няякасная расейская сыравіна сапсавала абсталяванне заводу.

25 красавіка прымаць расейскую нафту адмовіліся Польшча, Чэхія і Нямеччына, 26 красавіка – Украіна.

Пасля чатырохбаковых перамоваў у Менску ў пятніцу намеснік міністра энергетыкі Расеі заявіў аб тым, што ўрад разлічвае, што нафта з нарматыўным утрыманнем арганічных хларыдаў з’явіцца на тэрыторыі Беларусі 29 красавіка, а на працягу двух тыдняў цалкам будзе адноўленая стабільная праца нафтаправоду.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў