У Расеі прыхільніку Навальнага пагражае да 3 гадоў турмы за рэпост тэксту журналіста Аркадзя Бабчанкі


Юрыст, прыхільнік Аляксея Навальнага з горада Спасск-Далёкі Прыморскага краю Дзмітрый Траццякоў абвінавачваецца ў публічных закліках да экстрэмізму (ч. 2 арт. 280 КК РФ). Падставай для крымінальнага пераследу стаў рэпост тэксту з Telegram-канала ваеннага журналіста і публіцыста Аркадзя Бабчанкі.

Траццякоў быў арыштаваны ФСБ яшчэ 14 сакавіка. Сёння праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

«Мы лічым, што крымінальная справа ў дачыненні да Траццякова – спроба ФСБ стварыць практыку пераследу карыстальнікаў Telegram за пасты і паведамленні ў гэтым мэсэнджэры, папулярным сярод расейскіх карыстальнікаў, у тым ліку праз прынцыповую адмову супрацоўнічаць са спецслужбамі. Гэтак жа відавочна гэтая справа можа быць аднесена да кампаніі пераследу прыхільнікаў Аляксея Навальнага», – адзначаецца ў заяве праваабарончага цэнтру «Мемарыял».

Тэкст вядомага журналіста Аркадзя Бабчанкі з’явіўся ў ягоным блогу ў чэрвені 2017 года. Каментуючы мітынгі супраць карупцыі, што прайшлі ў Расеі, Бабчанка адзначыў, што пратэстоўцы мусяць быць гатовыя да рашучых дзеянняў:

«Трэба дакладна разумець, што будуць мянты, газ, дубінкі, гумовыя кулі, цітушкі, праламаныя галовы. Гэта спачатку. І рыхтавацца трэба супрацьстаяць менавіта гэтаму. Біцца з мянтамі. Ня аддаваць сваіх. Начаваць на вуліцы з вогнішчамі. Ставіць барыкады. Паліць аўтазакі. А не ў клетках сэлфіцца. Без гэтага працягу – усё бессэнсоўна».

Праваабаронцы адзначаюць, што тэкст Бабчанкі ніхто не прызнаваў экстрэмісцкім матэрыялам і ён працягвае знаходзіцца ў вольным доступе.

На дадзены момант у расейскіх турмах і калоніях знаходзіцца больш за сто палітвязняў.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў