У Расеі пажар на атамнай падводнай лодцы гасілі затапленнем


Пажар на расейскай атамнай падводнай лодцы «Арол» у Северадзвінску пагасілі, затапіўшы док з субмарынай.

Затапіць док вырашылі пасля таго, як стала зразумела, што справіцца з агнём звычайным спосабам не атрымаецца, падае Бі-Бі-Сі.

Узгаранне адбылося ў ніжняй частцы корпуса атамнай субмарыны «Арол», якая была на рамонце на суднарамонтным заводзе «Звездочка» ў Северадзвінску Архангельскай вобласці Расеі.

Ніхто не пацярпеў, паведамляюць прадстаўнікі заводу. Радыяцыйны фон у горадзе ў межах нормы, супакойвае адміністрацыя Северадзвінску.

Пажар узнік праз парушэнне тэхналагічнага працэсу падчас зварачных працаў, кажа кіраўнік прэс-службы суднарамонтнага прадпрыемства «Звездочка» Яўген Гладышаў.

«Увесь боекамплект з яе (субмарыны – рэд.)быў папярэдне выгружаны. Энергаўстаноўкі перад правядзеннем рамонту былі цалкам заглушаныя. Ядравага паліва ў ёй няма», – дадаў Гладышаў.

Раней ён сказаў, што пажар на «Арле» не пагражае іншым судам.

«Падводная лодка знаходзіцца ў док-камеры з высокімі сценамі», – цытавала спадара Гладышава агенцтва ТАСС.

За апошнія дзесяць гадоў гэта ўжо як мінімум пяты выпадак узгарання падводнай лодкі на заводзе «Звездочка». У папярэдніх інцыдэнтах загінулі два чалавекі.

Іншай падводнай лодкай праекту 949 «Антэй», была атамная падводная лодка «Курск», якая патанула ў Баранцавым моры ў 2000 годзе. На «Курску» загінула 118 чалавек экіпажу.

МЯ, паводле bbc.co.uk

Стужка навінаў