У Расеі мяняюць Канстытуцыю за 4 дні. А ці магчыма такое ва Украіне?

10 сакавіка Дзярждума Расеі ў другім чытанні падтрымала папраўкі ў Канстытуцыю. Раніцай 13 сакавіка стала вядома, што ўсе 85 рэгіянальных парламентаў выказаліся “за” перапісванне асноўнага закона. У тым ліку і за папраўку, якая дазволіць Уладзіміру Пуціну яшчэ на два тэрміны застацца ў крэсле прэзідэнта. За чатыры дні ў Расеі прайшлі асноўную працэдурную частку па зменах у Канстытуцыю. Ці магчыма такое ў суседняй Украіне?

15 студзеня Уладзімір Пуцін выступіў з пасланнем да Федэральнага сходу. У ім кіраўнік РФ заявіў пра неабходнасць унесці некаторыя змены ў асноўны закон краіны. З гэтага моманту ў Расеі па сутнасці стартавала канстытуцыйная рэформа. Праз тыдзень Дзярждума падтрымала папраўкі ў першым чытанні. Затым дакумент дапрацоўвалі, і ўсе галоўныя падзеі па яго зацвярджэнні адбываліся на гэтым тыдні.

Вярхоўная Рада Украіны. фота: REUTERS/Forum

Тым часам ва Украіне таксама правяць Канстытуцыю. 4 лютага Вярхоўная Рада падтрымала прапанову Уладзіміра Зяленскага скараціць колькасць народных дэпутатаў з 450 да 300. Перад гэтым, у снежні 2019-га, памяншэнне колькасці парламентарыяў ўхваліў Канстытуцыйны суд. Аднак разгледзець гэтае пытанне у другім, фінальным чытанні, ва Украіне змогуць не раней восені 2020-га, а ўсё таму, што па законе нельга прымаць змены ў Канстытуцыю ў адну парламенцкую сесію, тлумачыць палітолаг Ігар Когут:

«Для таго, каб унесці такія праўкі неабходны мінімум год. Калі ёсць выснова Канстытуцыйнага суда, калі яна цалкам станоўчая, то парламент можа прыняць гэтае рашэнне ў першым чытанні. Толькі на наступнай, чарговай, сесіі (адна сесія доўжыцца каля паўгода – заўв. Рэд .) за гэтае ж рашэнне можна галасаваць у другім чытанні і асаблівай большасцю – гэта павінна быць не меней, чым 300 галасоў. Мы бачым прыклады, калі за гэты час дэпутаты астываюць да такіх правак».

Падчас абмеркавання другога чытання ў Дзярждуме выступіла дэпутат ад «Адзінай Расеі» Валянціна Церашкова. Яна прапанавала абнуліць ўсе тэрміны папярэдніх прэзідэнтаў Расеі пасля змены Канстытуцыі, гэта значыць, простымі словамі, дазволіць Уладзіміру Пуціну застацца кіраўніком дзяржавы яшчэ два разы запар.

Затым у парламенце выступіў Пуцін, які падтрымаў гэтую папраўку. На наступны дзень, 11 сакавіка, ужо прагаласавалі за законапраект у трэцім, фінальным чытанні, а далей за два дні сваю падтрымку выказалі ўсе 85 рэгіянальных парламентаў краіны. Перадапошнім этапам для зацвярджэння ўсіх змен застаецца выснова Канстытуцыйнага суда.

Па словах палітолага Ігара Когута, ва Ўкраіне ўсё наадварот – гэта адзін з першых крокаў:

«Калі пасля высновы Канстытуцыйнага суда ты уносіш ў законапраект хоць адну дадатковую коску або дадаеш нейкае слова – гэта азначае, што ўся працэдура пачынаецца спачатку. Зноў адпраўляюць дакумент на вывучэнне ў суд, а потым зноў галасуюць у першым чытанні».

Цяпер у Расеі чакаюць высновы Канстытуцыйнага суда, на 22 красавіка ўжо намечана ўсерасейскае галасаванне па гэтым пытанні. Выходзіць, што правесці важныя папраўкі ў Канстытуцыю расейская ўлада можа ўсяго толькі за тры месяцы. Што немагчыма ва Украіне.

Чытайце таксама:

«Обнуляй и властвуй!» Поправки Путина в мемах

Тотальное обнуление. Парламенты почти всех российских регионов поддержали проект поправок в Конституцию РФ

Заявка Путина на диктатуру

Максім Шылін/АА, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны