У Расеі колькасць беспрацоўных расце, а вакансіяў – рэзка скарачаецца


За два месяцы колькасць зарэгістраваных беспрацоўных у Расеі вырасла на 12 %.

Колькасць вакансіяў у афіцыйных службах занятасці з пачатку года скарацілася на 13,6 %. Афіцыйная ж колькасць беспрацоўных са студзеня па сакавік вырасла на 12 %, паведамляе РБК.

Скарачэнне вакансіяў і павелічэнне саіскальнікаў працы адзначаюць і рэкрутынгавыя сэрвісы.

«Людзей масава не звальняюць, прадпрыемствы не зачыняюцца – пакуль такога, як у 2009 годзе, няма. Але, тым не менш, крызіс ёсць. Калі мы сёння не прымем ніякіх сур’ёзны’ мераў па падтрымцы рэальнага сектару, па развіцці кропак росту на будучыню, то, канешне, будзе горш», – адзначае бізнес-амбундмэн Барыс Цітоў.

Службы занятасці ў Беларусі таксама адзначаюць рост колькасці беспрацоўных. Адна з яго прычынаў – дэкрэт N 3 «Аб перадухіленні сацыяльнага ўтрыманства». Згодна з дэкрэтам, грамадзяне Беларусі і замежнікі, якія стала жывуць у нашай краіне, але не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржвыдаткаў ці ўдзельнічаюць менш за 183 каляндарныя дні на год, мусяць заплаціць збор у памеры 20 базавых велічыняў (3 600 000 рублёў).

Са словаў кіраўніка Галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асобаў Міністэрства па падатках і зборах Міхаіла Расолькі вынікае, што беларусы, якія легальна працуюць у Расеі, не будуць лічыцца «дармаедамі». Ці будуць такімі лічыцца беларусы, якія працуюць у суседняй краіне нелегальна, невядома.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў