У Расеі грамадзяніна Польшчы асудзілі за «шпіянаж» на 14 гадоў


Маскоўскі гарадскі суд 25 чэрвеня прызнаў грамадзяніна Польшчы Мар’яна Радзаеўскага вінаватым у шпіянажы і прысудзіў яго да 14 гадоў калоніі суворага рэжыму. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме, паколькі матэрыялы справы маюць грыф «Сакрэтна», паведамляе Meduza.

Паводле ФСБ Расеі, Радзаеўскі «спрабаваў арганізаваць вываз у Польшчу прадукцыі вайсковага прызначэння, якая змяшчае звесткi, што складаюць дзяржаўную таямніцу». Гаворка ідзе пра сакрэтныя камплектуючыя да зенітна-ракетнага комплексу (ЗРК) С-300. Падазраванага затрымалі яшчэ 21 красавіка 2018 года, калі ён нібыта спрабаваў заключыць здзелку. Дэталі здзелкі ФСБ не раскрывае.

У ФСБ лічаць, што Радзаеўскі дзейнічаў «у інтарэсах польскай арганізацыі, якая зʼяўляецца пастаўшчыком нацыянальных узброеных сілаў і спецслужбаў». Аб якой арганізацыі ідзе гаворка, не ўдакладняецца.

Радзаеўскі сваю віну не прызнаў, паведаміў «Интерфакс» са спасылкай на ананімную крыніцу. Пры затрыманні Радзаеўскі сказаў, што прыехаў у Расею, каб набыць запчасткі. Адвакат Радзаеўскага Юлія Сорына збіраецца абскардзіць вынесены прысуд, бо не згодная з кваліфікацыяй абвінавачвання.

Пра Радзаеўскага вядома, што ён індывідуальны прадпрымальнік 1977 года нараджэння, працаваў у кампаніі «Аўтатранс» у польскім горадзе Беласток. У яго шасцёра малалетніх дзяцей.

КА belsat.eu

Стужка навінаў