У Расеі апазіцыянеру Навальнаму далі 30 содняў за акцыю «Ён нам не цар»


Цвярскі суд Масквы прысудзіў палітыку Аляксею Навальнаму 30 содняў адміністрацыйнага арышту за паўторнае парушэнне арганізацыі мітынгу.

Пра прысуд паведаміў сам Аляксей Навальны праз «Twitter».

Адразу пасля вынясення рашэння суддзя перайшоў да разгляду справы аб непадпарадкаванні паліцыі, піша Meduza. Паводле рашэння Навальнаму пагражае арышт да 15 содняў, аднак, як патлумачыла ягоная прэс-сакратарка Кіра Ярмыш, пакаранні ў любым выпадку не будуць падсумоўвацца.

Аляксея Навальнага затрымалі на няўзгодненай акцыі «Ён нам не цар» 5 траўня ў цэнтры Масквы і даставілі ў аддзяленне ўнутраных справаў «Краснасельскае». Там на палітыка склалі два адміністрацыйныя пратаколы – аб непадпарадкаванні паліцыі і аб паўторным парушэнні парадку арганізацыі публічных мерапрыемстваў. Да судовага пасяджэння, прызначанага на 11 траўня, Навальнага адпусцілі дадому.

11 траўня суддзя Дзмітрый Гардзееў адклаў разгляд абодвух адміністрацыйных справаў Навальнага да 15 траўня, задаволіўшы хадайніцтва абароны апазіцыянера аб выкліку на пасяджэнне супрацоўнікаў паліцыі, якія ўдзельнічалі ў ягоным затрыманні і якія складалі на яго пратакол.

Пратэставыя акцыі «Ён нам не цар», прымеркаваныя да чацвёртай інаўгурацыі прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, прайшлі 5 траўня ў шмат якіх расейскіх гарадах. Паводле дадзеных «ОВД-Инфо», на акцыях затрымалі 1600 асобаў, сярод іх 158 няпоўнагадовых.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў