У Рагачове пенсіянер кідаўся бутэлькамі ў дзяцей. Супраць яго распачалі крымінальную справу


У Рагачове супраць 69-гадовага пенсіянера распачалі крымінальную справу па арт.339 КК Беларусі (хуліганства) за тое, што ён з пятага паверха кідаў бутэлькі з вадою ў дзяцей. Пра гэта паведаміла прэс-служба УУС Гомельскага аблвыканкаму.

Здарэнне адбылося 4 жніўня. Падставай для разбору стаў званок у міліцыю маці 9-гадовага хлопчыка. Паводле яе словаў, пенсіянер беспадстаўна траўмаваў школьніка, калі той разам з іншымі хлопцамі гуляў на вуліцы.

«Ужо на месцы, дзе ўсё адбывалася, мы знайшлі пустыя бутэлькі з-пад піва і безалкагольных напояў. Менавіта іх дэбашыр напаўняў вадой і кідаў у дзяцей з пятага паверха», – распавялі ў Рагачоўскім РАУС.

Сам пенсіянер растлумачыў, што школьнікі шумелі ў яго пад вокнамі і перашкаджалі адпачываць, калі ён піў піва, таму мужчына вырашыў паўплываць на дзяцей такім чынам. У выніку адна з бутэлек трапіла ў руку непаўналетняму, але абышлося без сур’ёзных наступстваў, адзначаюць у міліцыі.

Пенсіянера пад варту не ўзялі, але справу распачалі.

ІІ belsat.eu

 

Стужка навінаў