«У Пуціна было жудаснае дзяцінства». Інтэрв’ю з аўтаркай кнігі пра кіраўніка Расеі


Уся афіцыйная біяграфія Пуціна хлусня, сцвярджае Крыстына Курчаб-Рэдліх, польская журналістка, аўтарка фільмаў і кніг пра Расею і Чачэнію.

Спадарыня Крыстына жыла і працавала ў Расеі ад 1990 да 2004-га. У Расеі яе называюць «польскай Ганнай Паліткоўскай». Нядаўна яна апублікавала сваю новую кнігу «Вова. Валодзя. Уладзімір. Таямніцы Расеі Пуціна». У ёй амаль 800 старонак. Пра тое, якія таямніцы звязваюць Лукашэнку ды Пуціна, – у інтэрв’ю Сяргея Пелясы.

– У назве вашай кнігі ёсць словы «Таямніцы Расеі Пуціна». Якая ж галоўная таямніца Пуціна? Можа, ягонае паходжанне?

– Для мяне галоўная таямніца – чаму ён такі. Што ён зрабіў – усім вядома, усе ўжо забыліся пра «Курск», пра вайну ў Чачэніі ды іншыя страшныя рэчы. Але яны даводзяць, што гэтая асоба асабліва жорсткая. Усе кажуць: «Ах, ён з КДБ!» Ну і што такога, што з КДБ? Абсалютна не ўсе з КДБ такія жорсткія. У расейскай палітыцы быў Генадзь Прымакоў, быў Сцяпашын, быў шмат хто яшчэ, хто такой жорсткасцю не вылучыўся.

Я пакапалася крыху ў ягоным дзяцінстве і, сапраўды, знайшла, што гэта было жудасна страшнае дзяцінства. Бо не тая маці, не той бацька, не Ленінград, дзе ён нібыта нарадзіўся, не той год нараджэння: усё, што можна прачытаць у ягонай біяграфіі, – хлусня. Так склалася, што ён нарадзіўся пад Уралам, у мястэчку Ачор.

– А што ягоны бацька? Збег, кінуў?

– Не было такога. Ён нарадзіўся ў 1950 годзе, калі яго маці пачала навучацца. Пасля вайны навучаліся не маладыя дзяўчаты, толькі жанчыны. Яна скончыла тэхнікум і паехала на практыку. Падчас гэтай практыкі яна пазнаёмілася з чалавекам. Яна думала, што ён не жанаты. Калі ў іх нарадзілася дзіця, жанчына, даведаўшыся, што мужчына жанаты, збегла ад яго.

– Яна сама ад яго ўцякла?

– Так, пакінула Воўку ў сваіх бацькоў і паехала працаваць у Сярэднюю Азію. Там яна пазнаёмілася з грузінам. Жанчына не ведала, якая фантазія ў грузінаў: ён ёй распавёў, што вельмі багаты, і ўсё цудоўна. Яна закахалася, яны вельмі хутка ажаніліся і паехалі ў Грузію, дзе аказалася, што ў доме ягонага бацькі нават не было нармальнай падлогі. Але ўсё ж яна папрасіла бацькоў, каб Воўку прывезлі ў Грузію да яе. Там для хлопца пачалося пекла.

Спачатку, пакуль ён быў маленькім хлопчыкам з блакітнымі вочкамі, – усё было цудоўна. Пазней, калі ён рос, яго зненавідзеў айчым, у якога нарадзіліся родныя дочкі. На Каўказе, ведаеце, пазашлюбнае дзіця – гэта кашмар.

І Воўку давялося не толькі сябе абараняць, але і сваю маці. Тады ён вывучыў самба ды іншае, але ягонае дзяцінства там было вельмі жорсткае. Пазней яго, як пакунак, перадалі назад бацькам маці пад Урал. У мясцовасці, дзе яны жылі, было шмат Пуціных. Бабуля і дзядуля аддалі хлопчыка сваякам, якія калісьці жылі ў Ленінградзе і страцілі абодвух сыноў, – аднаго да вайны, другога – падчас ленінградскай блакады.

– Гэта значыць, што практычна ў яго не было бацькі, затое былі два айчымы – грузін і расеец.

– Якія яго жудасна збівалі.

– Вы гэта ўсё апісваеце, і цікавая аналогія: мы таксама не да канца ведаем пра бацьку кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. У нас шмат хто жартуе і злараднічае, што ягоны бацька быў цыганам, у якога закахалася маці. Бацькі няма. І ён таксама стаў недэмакратычным лідарам краіны. Гэта своеасаблівая таямніца, якая аб’ядноўвае і Лукашэнку, і Пуціна. На вашую думку, ці ўплывае на іхныя дачыненні нешчаслівае дзяцінства?

– Я думаю, што ўсё-такі дзяцінства Лукашэнкі было нашмат больш шчаслівае. Напэўна, яго так страшна не збівалі, як той грузін.

– Не было айчыма. А Пуцін нават галадаваў.

– Той другі айчым, які ў Ленінградзе займаўся Пуціным, можна сказаць, што любіў яго, але таксама збіваў так, што хлопцы з ягонага двара дагэтуль памятаюць, як ён яго біў.

– Былы НКВДшнік…

– Так, ён таксама ваяваў у Фінляндыі, але гэта няважна. Вова адразу зразумеў, што трэба, па-першае, абараняцца да канца, а па-другое, хлусіць, хлусіць, і яшчэ раз хлусіць.

– І ён навучыўся з дзяцінства хлусіць і выдаваць сябе за кагосьці, кім ён на самой справе не ёсць.

– Паглядзіце, каго мы сёння маем у асобе Пуціна…

– Як бы вы яго апісалі?

– Цяпер гэта адзіная ў свеце асоба, якая ўмее гэтак па-майстэрску хлусіць.

Ён хлусіць, гледзячы ў вочы, на любую тэму. Але заўважце, па-першае, што ён ніколі падчас сваіх выбарчых кампаніяў не ўдзельнічаў ні ў якіх размовах, ні ў якіх дэбатах.

Па-другое, спачатку яму прыходзілася бываць на міжнародных прэс-канферэнцыях, дзе кожны журналіст можа задаць яму пытанне.

– Нязручнае пытанне.

– І гэта выводзіла яго з сябе. Пазней ён давёў да таго, што ніхто наўпрост без пытанняў, пра якія казалі раней, не можа з ім гаварыць. Паглядзіце на ягоныя цудоўныя тэлевізійныя прэс-канферэнцыі, дзе нават калі задасі яму нязручнае пытанне, ён адказвае так, як хоча, але ў цябе ўжо няма магчымасці яму запярэчыць.

– Расея Пуціна цягам апошніх 18 гадоў – гэта шэраг вельмі гучных крывавых тэрактаў, гэта розныя палітычныя забойствы, не да канца зразумелыя.

– Апошнія некалькі старонак маёй кнігі – толькі прозвішчы людзей, якіх ён адправіў на могілкі.

– На вашую думку, калі ён упершыню ўзяў грэх забойства на душу? Вядома, не асабіста забіў, але аддаў загад. Хто гэта быў? Ці быў гэта Арцём Баравік, выбухі ў 1999 годзе, ці было нешта раней, пра што мы нават не ведаем?

– Я пра гэта досыць падрабязна пішу ў кнізе. Гэта былі часы, калі ён працаваў у мэрыі, у Пецярбургу. Разам з Сабчаком яны там рабілі неверагодныя рэчы. Ён кіраваў Камітэтам замежных справаў у мэрыі. Пуцін прыехаў з Дрэздэну.

– З ГДР.

– Так, з ГДР, дзе, як вядома, ён працаваў у КДБ. Прыехаў на зламанай машыне, яму падарылі лядоўню нейкую – гэта быў 1990 год, а ў 1993 ці 1994 годзе амерыканскі часопіс «Global Finance» уключае яго ў спіс 600 самых вядомых людзей у свеце, якія ўплываюць на фінансы.

– Адбыўся цуд.

– Ніякіх цудаў – там быў гандаль наркотыкамі, там быў гандаль ўсім і стварэнне такіх схемаў, якія дапамагалі адмываць грошы па ўсім свеце. Ён выйшаў з гэтай мэрыі мільярдэрам ужо тады.

І потым, ён ужо балатаваўся ў прэзідэнты, але былі ж такія, хто пра гэта ведаў, – фракцыя камуністаў, якая рвалася да ўлады, – нават пагражалі яму вялікай расправай. Тады і пайшлі забойствы, якіх было шмат. Даказаць гэтага нельга, але ўсе факты паказваюць на тое, што Сабчак апынуўся на могілках не без ягонага ўдзелу.

– Збіраючы інфармацыю для сваёй кнігі, якія яшчэ сакрэты вы выявілі, што вас шакавала больш за ўсё? Можа, тое, як ён прыходзіў да ўлады?

– Што датычыць ягонага прыходу да ўлады – вядома, ён чалавек вельмі працаздольны, вельмі спрытны.

Тое, што ён дзеяў, як падавалася Ельцыну, на карысць Сабчаку, зрабіла яго фаварытам у Ельцына. Я напісала, як гэта ўсё адбывалася, як з асобы, пра якую ніхто не ведаў, трэба было зрабіць асобу, вядомую ўсёй Расеі. Праз гэта выбухнула другая чачэнская вайна, каб ён аказаўся абаронцам радзімы перад страшнай вялікай чачэнскай краінай. Потым пайшлі тэракты.

Вядома, пра гэта пісала не толькі я, але і «Новая газета», і іншыя расейскія журналісты – я ў Расеі ўжо была, я там працавала з 1990 года амаль да 2005 года. Мяне вельмі зацікавіла Чачэнія. Я вывучала, як падрыхтавалі гэтыя тэракты. На жаль, абсалютная большасць самых вядомых з іх падрыхтавалі службы ФСБ і чачэнскія здраднікі, агенты.

– Як вы думаеце, чаму ў Расеі не зарэгістравалі Навальнага кандыдатам? У той жа час Ксенію Сабчак, дачку Анатоля Сабчака, былога начальніка Пуціна, зарэгістравалі? Ці ён не бачыць у ёй пагрозы, як у жанчыне?

– Пуцін ніколі не быў легальна абраны – усе выбары былі фальсіфікаваныя. Я не разумею, якая ідзе задума з Ксеніяй Сабчак. З Навальным усё проста – яго арыштуюць, яго не дапускаюць, шэфа ягонага штабу збіваюць і саджаюць на 30 содняў, і г. д. Ягонага імя Пуцін нават не прамаўляе. Раптам з’яўляецца Ксенія Сабчак, за якой стаіць Хадаркоўскі, за якой стаіць Малашанка, былы шэф НТВ, але яны за мяжой. Гэта значыць, спонсары з-за мяжы падтрымліваюць Ксенію Сабчак, якая выступае ў жывым эфіры, нягледзячы на тое, што на яе «наязджаюць», яна ўсё-такі кімсьці ёсць, гэта небяспечна.

Прапануем вашай увазе апошняе выданне праграмы «Прасвет» цалкам:

Стужка навінаў