У Пухавічах вынеслі чарговы прысуд вайскоўцу. Гэта ўжо восьмы выпадак у Беларусі за 2,5 месяца


Суд Пухавіцкага раёну Менскай вобласці вынес прысуд малодшаму сяржанту, які абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынстваў у войску.

Малодшы сяржант Я. (імя і прозвішча не называецца) быў прызнаны вінаватым паводле ч.1 і 2 арт. 455 (злоўжыванні ўладаю) Крымінальнага кодэксу Беларусі і прысуджаны да 3 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах калоніі ўзмоцненага рэжыму без канфіскацыі маёмасці.

Як паведамляе сайт Вярхоўнага Суду, вайсковец займаў пасаду камандзіра рамонтнага аддзялення рамонтнага ўзводу роты абслугоўвання і рамонту батальёну забеспячэння. Дэталі ягонай супрацьпраўнай дзейнасці не агалошваюцца.

Гэта ўжо мінімум восьмы прысуд ваеннаслужачаму ў Беларусі за апошнія некалькі месяцаў.

  • 4 і 18 траўня суд Барысаўскага раёну выносіў прысуды двум сяржантам з Печаў – абодва атрымалі па 3 гады пазбаўлення волі;
  • 6 чэрвеня яшчэ аднаго сяржанта з Печаў пасадзілі на 3 гады і 6 месяцаў;
  • 3 траўня ў Горадні за дзедаўшчыну былі асуджаныя сяржант Уладзіслаў Ялец (4 гады калоніі) і яфрэйтар Максім Малышко (3,5 года);
  • 29 сакавіка суд Барысаўскага раёну пакараў былога начальніка фізічнай падрыхтоўкі 72-га вучэбнага цэнтру ў Печах, падпалкоўніка Дзмітрыя Кіселара 4 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
  • 30 сакавіка да 5 гадоў пазбаўлення волі быў прысуджаны прапаршчык Ігар Хішчанка з Печаў – за гвалт і здзекі над жаўнерамі ды хабарніцтва.

Нагадаем, пасля гібелі ў Печах жаўнера Аляксандра Коржыча былі распачатыя шэраг крымінальных справаў за дзедаўшчыну ў дачыненні да сяржантаў і афіцэраў. Аднак гэтыя судовыя працэсы ніяк не звязаныя са смерцю Коржыча – справа аб яго гібелі вынесена ў асобную вытворчасць.

Паводле Следчага камітэту, Коржыча не забілі, але давялі да самазабойства, і вінаватыя ў гэтым тры сяржанты. Сваякі жаўнера з высновамі следства не згодныя.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў