У Пружанскім і Бярозаўскім раёнах шукаюць 100-кілаграмовы метэарыт за $ 1 млн


Пружанскае выданне «Раённыя будні» паведамляе, што навукоўцы з Польскай лабараторыі каметаў і метэораў вызначылі зону падзення метэарыта, які ўпаў на Берасцейшчыне 7 студзеня.

Паводле польскіх даследчыкаў, метэарыт падчас пралёту праз атмасферу мог важыць да 500 кг, а пры падзенні – да 100 кг. Ён таксама мог раздрабніцца на меншыя кавалкі – ад 50 кг да 100 г.

«Метэарыты рухаюцца з рознаю хуткасцю, і вельмі цяжка сказаць, што здарылася з гэтым метэарытам падчас падзення. Маленькі метэарыт можа зрабіць кратар, і сутыкненне яго з зямлёю прывядзе да выбуху. А можа быць, як з метэарытам Гоба [самы вялікі метэарыт, які ўпаў на Зямлю. – Заўв. Belsat.eu] – ён упаў і ляжыць сабе. І нічога не здарылася», – распавёў «Белсату» астраном Віктар Малышчыц.

Навукоўцы вызначылі прыкладную зону падзення метэарыта. А гэта вёскі Пружанскага раёну: Палоннае Забалацце, Смаляны, Задвараны, Тулоўшчына, Загор’е і Стасюкі. У суседнім Бярозаўскім раёне – Давыдавічы, Бухалі, Міхновічы.

Зона пошукаў метэарытных аскепкаў

Адмыслоўцы заклікаюць мясцовых жыхароў выйсці на пошукі нябеснага каменя, пакуль ён яшчэ ляжыць на паверхні зямлі, бо з пачаткам пасяўной знайсці метэарыт будзе амаль немагчыма.

«Пружанскі» метэарыт хутчэй за ўсё чорны, а на сколах – больш светлы. Кавалкі метэарыту могуць быць дастаткова цяжкімі, бо навукоўцы мяркуюць, што ён жалезны.

Кошт 100-грамовага кавалка метэарыту вагаецца ад $ 1000 да 1100. Адпаведна 100-кілаграмовы «пружанскі» метэарыт, калі ён сапраўды быў такі вялікі, можа каштаваць нават $ 1 млн.

Метэарыт, які прадаецца на amazon.com

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў