У Пружанах актывістам патаемна далі чарговыя 15 содняў арышту


Іхным родным нават не паведамілі пра суд, перадае «Радыё Рацыя».

Актывісты з Пружан Юрый Папко і Міхаіл Кісель, якія адбываюць 15 сутак арышту за тое, што выйшлі 14 ліпеня на гарадскую плошчу, былі пакараныя чарговымі 15 соднямі. Родныя аб чарговым прысудзе даведаліся з ліста Юрыя Папко – на суд іх не запрасілі.

Акцыя салідарнасці ў Пружанах 14 ліпеня.
Фота: 1reg.by

Гэтыя 15 содняў мужчыны сядзяць за парушэнне закону аб правядзенні масавых мерапрыемстваў, а новыя ім «дакінулі» за непадпарадкаванне міліцыі.

«У панядзелак перадачу насілі, у сераду перадачу насілі, да суда ніхто не сказаў і пасля суда ніхто не сказаў, што яму дабавілі яшчэ 15 сутак. Не ведалі мы ўвогуле, што і другі пратакол складзены, што і суд быў. Прыйшоў ліст, як абухам па галаве. Адразу ж толькі склалі пратаколы за масавыя мерапрыемствы, гэтага ж пратакола не было за непадпарадкаванне. Перад першым судом участковы прыйшоў, я спытала: «За што на іх складзены пратакол?». Ён сказаў: «Я склаў адзін пратакол, за масавыя мерапрыемствы», — кажа Таццяна Папко, маці аднаго з актывістаў.

Абноўлена
У Горадні, Берасці і іншых гарадах Беларусі людзі выйшлі на стыхійныя акцыі
2020.07.14 20:37

Нагадаем, што 14 ліпеня пасля нерэгістрацыі ЦВК Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкала як кандыдатаў на прэзідэнта, тысячы людзей па ўсёй краіне выйшлі на вуліцы на знак пратэсту. Яны мірна гулялі па гарадах або станавіліся ў ланцугі салідарнасці.

Аднак паводле звестак праваабарончага цэнтру «Вясна» 14 ліпеня было затрымана амаль 300 асобаў.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў