У Празе паліцыянт нападпітку наўмысна пратараніў больш за 50 аўтамабіляў


Мужчына наўмысна ўразаўся ў прыпаркаваныя машыны. Калі яму здавалася, што пасля першага ўдару аўта недастаткова пацярпела, здаваў назад і ўразаўся зноўку, распавялі сведкі інцыдэнту, які здарыўся ў чэшскай сталіцы 12 красавіка.

Зламыснікам, які сваім пазадарожнікам пратараніў 51 аўтамабіль, апынуўся пʼяны афіцэр паліцыі і былы лектар паліцэйскай акадэміі Карэл Кадлец . Паліцыянта, што здзекаваўся над чужымі сродкамі перамяшчэння, затрымалі калегі,  піша vinegret.cz.

Праваахоўнікі папрасілі Кадлеца «падыхаць у трубачку», аднак той адмовіўся. Прымусовы аналіз у шпіталі паказаў утрыманне ў ягонай крыві 1,04 праміле алкаголю.

Летась Кадлец ужо здзяйсняў падобную аварыю на тым самым джыпе. Тады паліцэйскі хацеў знікнуць з месца аварыі і «пракаціў» на капоце сведку, якая спрабавала перашкодзіць яму зʼехаць. У крыві афіцэра выявілі 1,5 праміле алкаголю і часова адхілілі ад службы.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў