У праваслаўных сёння пачынаецца Вялікі пост


Сёлета Вялікі пост пачынаецца 11 сакавіка і працягнецца да 27 красавіка.

Масленічны тыдзень завяршыўся Дараванай нядзеляй учора, а ад сённяшняга дня, паводле праваслаўнай традыцыі, некаторыя вернікі трымаюць Вялікі пост. Падчас пасту царкоўны статут забараняе ўжыванне ў ежу прадуктаў жывёльнага паходжання – мяса, малака, яек, рыбы. Рыба дазваляецца ўсяго двойчы: на Благавешчанне Прасвятой Багародзіцы (7 красавіка) і на Вербную Нядзелю. У суботу перад Вялікаднем таксама можна есці ікру. Алей жа не дазволена ўжываць з панядзелка па пятніцу.

Ежа ў перыяд пасту мусіць быць простай і таннай, варта выключыць любыя злоўжыванні.

Акрамя таго, вернікам рэкамендавана ўсе 48 дзён посту правесці без шумных святаў і вечарын, ужыванне алкаголю забаронена. Толькі ў некаторыя дні (звычайна выходныя) дазваляецца піць віно.

Сёлета праваслаўныя адзначаюць Вялікдзень 28 красавіка.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, 58,9 % насельніцтва Беларусі лічаць сябе вернікамі, з 82,5 % – праваслаўныя.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў