У праваслаўных – Раство. Падборка калядак


Праваслаўныя вернікі Беларусі адзначаюць адно з галоўных хрысціянскіх святаў – Нараджэнне Хрыстова.

Паводле хрысціянскай навукі, Сын Божы Ісус Хрыстос нарадзіўся ад Прачыстае Дзевы Марыі падчас праўлення рымскага імператара Актавіяна Аўгуста. Цяжарная Марыя і заручаны з ёю Язэп былі з роду цара Давіда і скіраваліся ў Давідаў горад Бэтлеем, каб узяць удзел у агульным перапісе.

З прычыны сваёй беднасці і вялікай колькасці народу ў горадзе яны не змаглі прыпыніцца ў гасцініцы і вымушаныя былі размясціцца ў пячоры, куды пастухі ў непагадзь заганялі гавяду. У такіх абставінах спрадвечны Бог прыйшоў у людскім целе ў гэты свет, распавядае Святое Пісанне. Марыя сама спавіла Богадзіця і паклала ў жолабе, прызначаным для кармлення скаціны.

Першымі дазналіся пра Нараджэнне Збавіцеля ад анёла бэтлеемскія пастухі, якія паспяшаліся ў пячору, каб аддаць пашану Богадзіцяці. Услед за гэтым да Хрыста прыйшлі з усходу тры вешчуны-астролагі, якія праз з’яўленне на небе вялікай зоркі атрымалі знак пра нараджэнне Сына Божага.

У Беларусі Раство спраўлялі, калядуючы. Моладзь і дзеці апраналіся ў вешчуноў, цыганоў, мядзведзя, кабылку, бусла, казу ды хадзілі з песнямі па хатах, віншуючы гаспадароў. Калядоўнікі насілі на кіі адмысловую зорку на ўспамін той, якая абвесціла вешчунам пра нараджэнне Хрыста.

Пераапранутыя калядоўнікі спыняліся з песнямі ля кожнага двара, а за свае віншаванні атрымлівалі пачастункі (сала, каўбасу), а таксама грошы. Гэта складвалася ў торбу ці мяшок, якія ад двара да двара рабілася цяжэйшымі. Звычайна ў апошняй хаце паселішча калядоўнікі спыняліся, даставалі пачастункі з мяшка і бавіліся з песнямі ды танцамі да позняй пары.

«Белсат» віншуе нашых гледачоў з Божым нараджэннем ды жадае ўсяго найлепшага з гэтай нагоды.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў