У Польшчы затрымалі расейскага шпіёна


Падазраваны ў шпіянажы на карысць Расеі цікавіўся дзейнасцю Міністэрства энергетыкі.

Мужчыну затрымалі супрацоўнікі Агенцтва ўнутранай бяспекі 23 сакавіка.

Як адзначае TVP info, імя мужчыны – Марэк В., ён чыноўнік аднаго з міністэрстваў эканомікі. Суд арыштаваў яго на тры месяцы.

Згодна з матэрыяламі следства, затрыманы падтрымліваў кантакты з супрацоўнікамі выведкі, «якія працуюць пад дыпламатычным прыкрыццём» і перадаваў ім інфармацыю аб інвестыцыях, важных з пункту гледжання інтарэсаў Польшчы.

У межах прафесійных абавязкаў Марэк В. займаўся стратэгічнымі праектамі энергетычнай інфраструктуры Польшчы і пошукам сродкаў ЕЗ на праекты дыверсіфікацыі паставак газу з Расеі. З матэрыялаў вынікае, што ён перадаваў ФСБ інфармацыю аб планаванай дзейнасці польскага ўраду ў справе будаўніцтва Nord Stream 2.

Інфармацыю аб затрыманні пацвердзіў прэс-сакратар міністра-каардынатара спецслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын. Амбасадара Расеі ў Польшчы Сяргея Андрэева ​​выклікалі ў МЗС Польшчы. Сёння Польшча, Літва, Латвія і Эстонія могуць абвясціць пра выдаленне расейскіх дыпламатаў, падазраваных у дзейнасці, якая выходзіць за межы іх дыпламатычнага статуса.

У расследаванні акрамя польскіх сілавікоў прымалі ўдзел спецслужбы іншых краінаў ЕЗ. За шпіянаж мужчыне пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.

ДР belsat.eu

 

Стужка навінаў