У Польшчы выдаюць комікс пра падлетка-абаронцу Горадні ад Чырвонай арміі


Польскі Інстытут нацыянальнай памяці абвесціў пра выпуск серыі коміксаў «Вайсковая адысея Антка Срэбранага». Першая кніга прысвечаная абароне Горадні ў 1939 годзе ад бальшавікоў.

«Антку Срэбранаму, калі мы з ім знаёмімся, ледзь споўнілася 14 гадоў. Ён – гарадзенскі харцар. Ад пачатку ІІ сусветнай вайны разам з сябрамі рыхтуецца да барацьбы з немцамі. Аднак лёс складаецца так, што яму даводзіцца сутыкнуцца з іншым смяротным ворагам Польшчы – Саветамі», – гаворыцца ў апісанні да коміксу.

Прэзентацыя коміксу адбылася ў Варшаве ў лістападзе. Аднак абарона Горадні – гэта толькі адзін з эпізодаў у прыгодніцкай серыі. Далей малога гарадзенца дэпартуюць у лагер у Казахстан, адкуль яму ўдаецца ўцячы і трапіць у Сірыю. Потым ён становіцца жаўнерам у брыгадзе Карпацкіх стральцоў, якая бароніць крэпасць у Торбуку ў Лівіі. У чацвёртай частцы Антэк у шэрагах 2 Польскага Корпусу ваюе ў Італіі.

«Серыя «Вайсковая адысея Антка Срэбранага» – гэта чыстая фікцыя, хоць і з элементамі рэаліяў вайны і па матывах сапраўдных здарэнняў», – падкрэсліваюць у выдавецтве.

Першы выпуск коміксу, прысвечаны абароне Горадні мае 44 старонкі і каштуе каля $ 30.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў