У Польшчы пабілі беларусаў – за тое, што «гаварылі па-руску»


Фотаздымак мае ілюстрацыйны характар

Акруговая пракуратура ў Сувалках абвінаваціла трох маладых жыхароў гораду Голдап (Вармінска-Мазурскае ваяводства) у збіцці па нацыянальнай прыкмеце беларусаў.

Інцыдэнт адбыўся 8 красавіка.

Парушальнікі прызналі сваю віну. Ім пагражае да 7,5 гадоў пазбаўлення волі. Паліцыі сказалі, што ім не спадабалася, што беларусы «гаварылі па-руску».

Як паведаміў прэс-сакратар Акруговай пракуратуры ў Сувалках Рышард Тамкевіч, трое жыхароў Голдапу атакавалі беларусаў, якія жывуць і працуюць у гэтым горадзе.

Семярых беларусаў падчас прагулкі атакавалі з ужываннем слезацечнага газу. Дваіх пацярпелых білі кулакамі, яшчэ аднаго – бутэлькай па галаве.

Пракуратура абвінаваціла парушальнікаў у збіцці беларусаў і пагрозах па нацыянальнай прыкмеце. Падазраваныя застаюцца на волі, але знаходзяцца пад паліцэйскім наглядам. Ім забаронена набліжацца да пацярпелых і месца іхнага пражывання. У Голдапе жывуць і працуюць амаль 200 грамадзянаў Беларусі.

НМ, belsat.eu, паводле PAP

Стужка навінаў