У Польшчы хочуць увесці забарону на гандаль у нядзелі


Праект закону пра абмежаванне гандлю ў нядзелю можа быць прыняты польскім Сеймам ужо сёлета. Новыя правілы пачалі б дзейнічаць са студзеня 2017-га года, як патлумачыў дэпутат ад кіроўнай партыі «Закон і справядлівасць» (PiS) Адам Абрамовіч.

«Праект закону пра абмежаванне гандлю ў нядзелі не зʼяўляецца ні праектам «Закону і справядлівасці», ні ўрадавым праектам. Гэта грамадзянскі праект, які павінен быць замацаваны адпаведнымі подпісамі падтрымання, – распавёў у інтэрвʼю з «ISBnews» Абрамовіч. – Калі подпісы будуць сабраныя, то ёсць шанец, што новыя правілы набудуць жыццё з новага года».

Паводле яго, сусветныя гандлёвыя карпарацыі, крамы якіх у Польшчы працуюць па нядзелях, у сваіх краінах маюць абмежаванні альбо забарону гандлю ў гэты дзень. Падобнае правіла можа быць уведзенае у Польшчы дзеля карысці мясцовых прадаўцоў.

«Польскі прадпрымальнік, які хацеў бы застацца дома і прысвяціць свой час сямʼі, мусіць адчыняць краму, бо гэтак робяць ягоныя канкурэнты», – дадае Абрамовіч.

На ягоную думку, у пераважнай большасці краін Еўропы дзейнічае забарона на гандаль у нядзелі, а вось у постсавецкіх краінах у гэты дзень крамы могуць працаваць. Гэта, як ён лічыць, абсалютна не ўплывае на эканоміку.

«Краіны Заходняй Еўропы падтрымліваюць забарону гандлю ў нядзелі, а калі б гэта неяк адбівалася на іх эканоміцы, то даўно б ад гэтага адмовіліся. Запалохванне вялікім узроўнем беспрацоўя з нагоды ўвядзення забароны на гандаль у нядзелю зʼяўляецца прапагандай вялікіх гандлёвых сетак», – заўважае дэпутат «Закону і справядлівасці».

Абрамовіч звяртае ўвагу таксама на тое, што ў сітуацыю павінна ўмяшацца дзяржава, бо сама сабой яна вырашыцца не зможа.

МЯ, паводле isbnews.pl

Стужка навінаў