У Полацку затрымалі злачынцаў, якія за 17 гадоў згвалцілі каля паўсотні дзяўчат і забілі няпоўнагадовую


Чацвярых нарадзінцаў Полацкага раёну абвінавачваюць у некалькіх дзясятках згвалтаванняў у Полацку і Наваполацку з 2000 года, а таксама ў забойстве ў 2012 годзе непаўналетняй дзяўчыны. Расследаванне завершанае, справу перадалі ў пракуратуру.

Паводле Следчага камітэту, высветліць акалічнасці згвалтаванняў было цяжка.

Пачатак

Спачатку гвалтаўнікоў было двое – з розніцай ва ўзросце ў 17 гадоў. Аднаму было за 35, другі толькі нядаўна адзначыў 18-годдзе. Пазнаёміліся яны ў 2000 годзе і праводзілі час у адной кампаніі, якая мела сувязі з крыміналам. «Пасябраваўшы» мужчыны пачалі гвалтаваць жанчын у Полацку. Аднак у 2001 годзе яны пайшлі сядзець за саўдзел у шэрагу крадзяжоў.

Вяртанне

У 2009 годзе абодва былі на волі і зноў пачалі гвалтаваць. Цяпер яны выбралі «менш рызыкоўны шлях» і рабілі ўсё «ціха»: знаёміліся на вуліцах з нецвярозымі жанчынамі, прапаноўвалі ім працягнуць знаёмства, пасля – у напоі падмешвалі нейралептыкі (псіхатропныя прэпараты), якія вырабляюць вельмі хуткі седатыўны эфект.

Пасля таго, як ахвяры страчвалі прытомнасць, іх часцей за ўсё перавозілі ў кватэру арганізатара ў Наваполацку, дзе гвалцілі.

Мужчыны заўсёды «працавалі» разам, часам запрашалі сваіх знаёмых. У 2010-2011 годзе малодшы гвалтаўнік зноў трапіў за краты. У гэты час «старэйшы» працягваў «працаваць» «па адпрацаванай схеме».

Забойства

У верасні 2012 года мужчыны пазнаёміліся ў Полацку з няпоўнагадовай дзяўчынай, запрасілі на каву ў кавярню, пасля чаго – «у госці». Дзяўчына не вытрымала спалучэння алкаголю з лекамі (спалучэнне можа выклікаць смерць і іншыя пабочныя эфекты) і памерла ў кватэры, дзе не адзін год гвалтавалі жанчын. Злачынцы выкінулі ейнае цела ў кар’еры ў полацкім раёне.

Затрыманне

Некалькі гадоў дзяўчыну шукалі, як зніклую без вестак. У 2016 годзе ў ходзе следства аб справах аб згвалтаваннях міліцыя атрымала інфармацыю пра датычнасць да ейнага знікнення гэтых гвалтаўнікоў. У снежні 2016 года затрымалі «старэйшага». Ён распавёў, дзе «пахавалі» дзяўчыну.

Абвінавачаныя адмаўляюць сваё дачыненне да забойства, а таксама намер гвалціць дзяўчыны. Пры вывучэнні месца пахавання не знайшлі адзення дзяўчыны, хоць фрагменты павінны былі захавацца. Знаёмы кіраўніка групы, якому таксама прадʼяўлена абвінавачанне ў забойстве падчас вочнай стаўкі распавёў аб утойванні слядоў злачынства.

Маўчанне пацярпелых

Падчас следства па гэтай справе апыталі больш за 300 сведак і каля паўсотні пацярпелых. Правеялі экспертызы, праверкі паказанняў, ператрусы, агляды месца здарэнняў. Усяго высветлілі 46 эпізодаў супрацьпраўнай дзейнасці, першы з якіх яны здзейснілі ў 1999-ым, – тут не толькі забойства і згвалтаванні, але і іншыя злачынствы.

Следчыя адзначаюць, што адна з праблем раскрыцця гэтай справы – боязь ахвяраў распавесці аб згвалтаваннях.

«Сурʼёзнай перашкодай для выкрывання падобных фактаў застаецца страх пацярпелых – прычым тут умешваецца як боязь асуджэння блізкімі або знаёмымі, так і страх перад злачынцамі».

Малодшы ўдзельнік прызнаецца ў згвалтаваннях, але на пытанні следчага аб матывах іх здзяйснення адказвае так: «Не адчуваў ніякага задавальнення, сам сабе задаю пытанне: Навошта?».

Кіраўнік групы адмаўляе сваю датычнасць да здзяйснення любых злачынстваў.

Усе фігуранты справы раней прыцягваліся да крымінальнай адказнасці.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў