У Полацку праз 5 гадоў раскрылі забойства 17-гадовай дзяўчыны


Начальнік УУС Віцебскага аблвыканкаму Іван Кубракоў заявіў пра раскрыццё забойства 17-гадовай дзяўчыны, якая знікла ў 2012 годзе ў Полацку.

У кастрычніку 2012 года з заявай аб знікненні дачкі ў Полацкі ГАУС звярнулася маці дзяўчыны. Падчас пошуку зніклай у поле зроку міліцыі трапілі два мясцовыя жыхары, якія рэгулярна каталіся на аўтамабілі па горадзе з мэтай знаёмства з маладымі дзяўчатамі. А ў 2017 годзе была атрымана інфармацыя аб дачыненні гэтых асобаў да злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці, што стала штуршком для ўстанаўлення абставінаў выкрадання 17-гадовай дзяўчыны.

Праваахоўнікі ўстанавілі, што мужчыны пазнаёміліся з дзяўчынай, у аўтамабілі прапанавалі ёй выпіць, дадаўшы ў напой лекавы сродак са снатворным эфектам. Затым прывезлі яе на кватэру аднаго з зламыснікаў у Наваполацку, але там дзяўчына ад прынятага прэпарата памерла. Труп вывезлі ў лясны масіў і закапалі. Злачынства было здзейснена з мэтай далейшага згвалтавання ахвяры, гэтым мужчыны сістэматычна займаліся па аналагічнай схеме на працягу некалькіх гадоў.

«На жаль, па дадзеных фактах ахвяры ў праваахоўныя органы не звярталіся. Перш за ўсё таму, што ад дзеяння лекавых прэпаратаў не памяталі аб падзеях, а калі часткова і памяталі, то з пачуцця сораму і страху не заяўлялі аб тым, што адбылося», – канстатаваў начальнік УУС.

Цяпер устаноўлена дачыненне да аналагічных злачынстваў яшчэ двух мужчын. Усе яны арыштаваныя і ўтрымліваюцца ў СІЗА.

У дачыненні да абвінавачаных распачата больш за 40 крымінальных справаў. Расследаванне працягваецца.

ІІ, belsat.eu, паводле БелТА

Глядзі таксама
Каментары