У Полацку каля дзіцячага садку бегае зграя сабакаў. ЖКГ: Мы літаральная ганяемся за імі


Здымкі з жывёлінамі апублікавалі гараджане ў сацыяльных сетках. З каментароў відаць, што ў горадзе вострая праблема з бадзяжнымі сабакамі.

«Даводзіцца адыходзіць убок, бо страшна ісці насустрач зграі агрэсіўных сабакаў. І гэта цэнтр гораду».

Яшчэ адзін карыстальнік дадае, што цяпер бадзяжныя сабакі не толькі ў цэнтры. Акурат гэтых заўважылі ў садку каля паляўнічай крамы, дзе гуляюць дзеці.

Шмат хто выступае за адстрэл бадзяжных жывёлінаў.

Дырэктар ЖКГ Полацку Аляксандр Міхалевіч распавёў belsat.eu, што брыгада ўжо займаецца адловам сабакаў.

«Праз тое, што ўжыванне адмысловых усыпляльных або іншых сродкаў немагчымае паводле беларускага закону, мы літаральная ганяемся за зграяй. У нас няма дзяржаўнага прытулку, на жаль або на шчасце, у бюджэце няма на гэта грошай, таму перадаем сабачак валанцёрам, якія дапамагаюць і займаюцца іхным лёсам».

Аляксандр Міхалевіч адзначыў, што калі б у Беларусі было абавязковае чыпаванне, можна было б знайсці гаспадара і высветліць, як сабака трапіў на вуліцу.

«Аднак у нас гэтага няма. Скажу вам адназначна, што ў ЖКГ інкубатару для гадоўлі бяздомных сабакаў няма», – з горыччу жартуе ён.

Што рабіць, калі вы натрапілі на бяздомнага сабаку

Кінолаг Ягор Іваноў даў парады, як паводзіцца ў выпадках, калі вы сустрэлі бадзяжную жывёліну.

  1. Вельмі важная мова цела. Варта мець пры сабе ці знайсці нешта на выпадак, калі сабака заатакуе, але ні ў якім разе не нападаць першым.
  2. Не падаваць віду страху, то бок не курчыцца і не згібацца. Паводзіць сябе ўпэўнена, стаяць або ісці роўна, высока трымаць галаву.
  3. Не ўцякаць, не рабіць рэзкіх рухаў, бо такія паводзіны могуць прывесці да нападу.
  4. Не глядзець у вочы. Наўпроставы позірк таксама можа ўспрыняцца як выклік.
  5. Упэўненыя сабакі ніколі не брэшуць. Часцей за ўсё яны самыя баяцца чалавека. Трэба, каб яны былі пад кантролем, не падпускаць іх ззаду і не выпускаць з-пад увагі.

 

ДР belsat.eu

Стужка навінаў