У Полацку адкрылі помнік у выглядзе калыскі-ладдзі


Найстаражытнейшаму беларускаму гораду – 1155 гадоў.

Да круглай даты горад рыхтаваўся цягам году. За гэты час тут аднавілі каля 350 будынкаў і святыняў. Адрэстаўравалі і галоўны сімвал Полацку – Сафійскі сабор.

Вось яна, рака нашай гісторыі, гэта сувязь часоў, пакаленняў, народаў – шляг «З варагаў у грэкі», – кажа архітэктар Армэн Сардараў. – Як, калі не тут мы прыгадаем пра гэта? Бо тут і вера, і культура пачалася нашая, і дзяржаўнасць.

У якасці падарунка Полацку ля Сафійскага сабору ўсталявалі сімвалічны памятны знак. Ён увасабляе адначасова калыску, з якой бярэ пачатак нашая дзяржаўнасць, і ладдзю, што плыве па хвалях часу ў будучыню.

Аўтар памятнага знаку, скульптар Уладзімір Піпін, кажа, што «хаця праца зробленая за паўгода, рыхтавацца да яе трэба паўжыцця».

На юбілей гораду сёлета прыпала адразу некалькі падзеяў: свята сярэднявечнай культуры, Дзень беларускай пісьменнасці і 500-годдзе айчыннага кнігадрукавання, а таксама дзясяткі імпрэзаў непасрэдна з нагоды круглай даты гораду. Сёлетняе святкаванне доўжыцца тры дні.

«Агульнае ўражанне ад свята – гісторыя сапраўды ажыла ў гэты дзень, дзякуючы тым, хто яго падрыхтаваў, – кажа «Белсату» наведнік дня гораду. – І касцюмы, і музычнае суправаджэнне – мяне кранула».

Наведаць Полацк у святочныя Дні прыехалі паўтары тысячы дыпламатаў, культурных і навуковых дзеячаў з 20-ці краінаў свету.

ДД

Стужка навінаў