У Пінску вандалы зламалі адзіныя на ўсю вобласць арэлі для дзяцей-інвалідаў


10 дзён спатрэбілася вандалам, каб зламаць арэлі для дзяцей з асаблівасцямі развіцця.

8 чэрвеня ў Пінску пры дапамозе дабрачыннага грамадскага аб’яднання «З дабрынёй па свеце» былі усталяваныя адмысловыя арэлі. Гэта адзіныя такія арэлі на ўсю вобласць.

«На жаль, унікальнасць дадзенага абсталявання для дзяцей-інвалідаў не была адэкватна ўспрынятая некаторымі грамадзянамі», – кажуць у Пінскім гарвыканкаме.

На арэлях адразу пачалі катацца здаровыя дзеці, падлеткі і моладзь. Часцяком яны гэта рабілі групамі, што і прывяло да паломак. Некалькі дзён таму арэлі стала немагчыма выкарыстоўваць, бо была адарваная загародка, дзякуючы якой дзеці на інвалідных вазках маглі бяспечна катацца.

«Ад таго, што дзеці гэтыя арэлі выкарыстоўвалі не па прызначэнні такога не павінна было адбыцца. Гэтая канструкцыя павінна вытрымаць 500 кілаграмаў. Там падобна на наўмыснае псаванне маёмасці. Быццам гэты пандус апусцілі і скакалі на ім, пакуль не адарваўся», – паведаміў tut.by старшыня аб’яднання «З дабрынёй па свеце» Максім Янковіч.

Фота: vk.com/s_dobrotoy_po_miru

Супрацоўнікі ЖКГ адрамантавалі ўнікальныя арэлі.

«У горадзе звыш 3 тысячаў адзінак гульнявога і забаўляльнага абсталявання – звышдастаткова, каб скарыстацца імі маглі ўсе жадаючыя. А вось для 1700 дзяцей з парушэннямі слыху, зроку, апорна-рухальнага апарата і інтэлекту арэлі каля былога ДК «Трыкатажнік» – гэта адзіная магчымасць адчуць сябе паўнавартаснымі членамі грамадства ў дадзеным плане», – адзначаюць у гарвыканкаме.

Фота: pinsk.gov.by

У дабрачынным абʼяднанні «З дабрынёй па свеце» кажуць, што ад самага пачатку функцыянавання арэляў было пазначана для каго яны зробленыя і хто можа на іх катацца. Але ў першы ж дзень іх сарвалі невядомыя.

ГА, belsat.eu

Стужка навінаў