У Пінску развіталіся з журналістам Васілём Мацкевічам. Прычына смерці дагэтуль не агучваецца


Васіль Мацкевіч.
Фота: «Белсат»

Родныя і калегі ў Пінску правялі ў апошні шлях журналіста «Медыя-Палессе» Васіля Мацкевіча. Першапачаткова не было вядома, ці дазволяць медыкі развітацца з Васілём. Да гэтага часу не вядомая прычына смерці, а пасля таго, як Васіля паклалі ў шпіталь, працаўнікі санэпідэмстанцыі правялі дэзынфекцыю ў ягонай кватэры і паінфармавалі ўласнікаў «Медыя-Палессе» пра неабходнасць гэтай працэдуры ў офісе рэсурсу. Родныя і знаёмыя журналіста не выключаюць, што ён быў інфікаваны каронавірусам.

Васіля Мацкевіча забралі ў шпіталь уначы 10 красавіка. Раніцай 11 красавіка журналіст памёр у рэанімацыі Пінскай цэнтральнай больніцы.

Васілю Мацкевічу было 46 гадоў.

Родныя і знаёмыя развітваюцца з Васілём Мацкевічам.
Фота: «Белсат»

Родныя і знаёмыя Васіля кажуць, што журналіст яшчэ 9 красавіка казаў, што кепска сябе адчувае. Пры гэтым 7 красавіка журналісту рабілі тэст на каронавірус, які накіравалі ў Берасце. Але вынікі аналізу да гэтага часу не агучваюцца.

«Жонка Васіля лічыць, што ў яго быў каронавірус. У нас ёсць запісаная яго апошняя тэлефонная размова з дырэктарам, у якой Васіль распавядае пра ўсе свае сімптомы, як ён сябе пачуваў, што яму казалі, якая была медычная дапамога. Усё гэта занатавана. Акрамя таго лекары не адпускаюць сына на пахаванне бацькі, ён ляжыць у інфекцыйным шпіталі ў Малоткавічах. Хаця напярэдадні казалі, што сына выпішуць. Таксама жонка распавяла, што калі Васіля забірала хуткая, то ён ёй па тэлефоне сказаў, каб яна берагла сына, бо ў яго каронавірус», – распавяла «Белсату» рэдактар рэсурсу «Медыя-Палессе» Святлана Гарда.

Раней рэдактарка рэсурсу распавядала «Белсату», што працаўнікі санэпідстанцыі патэлефанавалі ёй і распавялі, што патрэбна правесці дэзынфекцыю офісу выдання, нават нягледзячы, што журналісты працавалі аддалена.

«Мне патэлефанавалі з санэпідстанцыі і сказалі, што трэба зрабіць дэзынфекцыю офісу. Я перадала нумар дырэктара. Бо я працую ў Лунінцы, а дырэктар у Пінску і там найбольш сустракаліся журналісты. І дырэктар вырашыў, што дазволіць апрацаванне ў выпадку, калі будуць вынікі аналізаў Васіля і нам патлумачаць навошта дэзынфікаваць. Бо ў санэпідстанцыі проста сказалі, што трэба зрабіць апрацаванне, нібыта яны працуюць на апераджэнне. Таму, калі нам дадуць аналізы, то і мы будзем ведаць», – распавяла «Белсату» Святлана Гарда.

Родныя і знаёмыя развітваюцца з Васілём Мацкевічам.
Фота: «Белсат»

Да гэтага часу афіцыйна адзначаецца, што ў Пінску няма выпадкаў інфікавання на каронавірус. Але з гэтым не пагаджаецца сябра і калега Васіля Мацкевіча Віктар Ярашук.

«Я думаю, што ў яго было каронавіруснае запаленне лёгкіх. Бо колькі я ведаю Васіля, ён ніколі так не хварэў. Наагул, не ведаю, каб запаленне ў нашым Пінску так раптоўна знішчала маладога чалавека. Я не веру, што гэта проста запаленне. Тым больш, што і яго сына забралі ў інфекцыйны шпіталь, і што дэзынфекцыю рабілі. Не проста так гэта. Усё гэта ўскосна кажа, што быў каронавірус«, – выказвае сваё меркаванне Віктар Ярашук.

Hавiны
У Пінску памёр журналіст «Медиа-Полесье» Васіль Мацкевіч. Падазраюць каронавірус
2020.04.11 14:01

Пінск страціў значную асобу

«Дзякуючы яму рэсурс «Медыя-Палессе» стаў даволі папулярным у горадзе. Васіль быў паўсюль. Яго часта можна было сустрэць на канферэнцыях, падчас нейкіх сустрэчаў, акцыях, яго ведалі. Актыўна публікаваўся ў сацыяльных сетках, падтрымліваў розныя ініцыятывы. Яго апошняй ініцыятывай было імкненне паставіць макет знішчанага бальшавікамі сабора Святога Станіслава на плошчы. Але ў апошні момант чыноўнікі не далі дазвол на гэта. Васіль не проста прыходзіў, як журналіст, заўсёды нешта прапановаў, бо ён не быў абыякавым», – кажа Віктар Ярашук.

«Я ведаю Васіля з моманту стварэння нашага рэсурсу. Ён працаваў у камандзе і як раз на мінулым тыдні я паведаміла, што хацела б перакласці на яго абавязкі рэдактара. Ён быў вельмі адказны. І быў заўсёды ў тэме. У каментарах цяпер людзі пішуць, што менавіта дзякуючы Васілю Пінск стаў за гэты час лепей«, – кажа Святлана Гарда.

«Васіль па адукацыі эканаміст, але яму аднолькава добра даваліся і культура, і сацыяльная сфера, і гэта быў чалавек, якому чыноўнікі стараліся даваць каментары. Бо яны ведалі, што кожная праблема, якую ўздымаў Васіль, будзе мець рэзананс. Я не магу ўсвядоміць, што яго няма», – адзначае Святлана Гарда.

Родныя і знаёмыя развітваюцца з Васілём Мацкевічам.
Фота: «Белсат»

З Васілём было проста знайсці агульную мову

«Мы знаёмыя з Васілём яшчэ з 90-х гадоў. Ён быў актыўным удзельнікам дэмакратычных арганізацыяў. Там мы і пазнаёміліся. А сябраваць пачалі на пачатку 2000- х гадоў. Шмат гадоў разам працавалі, у тым ліку і на «Белсаце». Часта сустракаліся, размаўлялі на розныя тэмы», – распавядае Віктар Ярашук.

Віктар Ярашук кажа, што Васіль быў надзвычай ураўнаважаны і спакойны. Ён ніколі не ўзрываўся.

«Ён усё насіў у сабе. Можа гэта і кепска. Бо вельмі рэдка нешта распавядаў, толькі калі ўжо накіпала моцна. Жыў у асноўным дзеля свайго сына, якому цяпер патрэбная аперацыя. Ён быў вельмі спакойны, ніколі не ўзрываўся».

Віктар Ярашук адзначае, што сапраўды, Васіль жыў дзеля свайго сына Адама. З былой жонкай яны захавалі добрыя адносіны.

«Даўно не жыве з жонкай, але ўсё жыццё кахаў толькі яе. Ён спадзяваўся, што зменіцца. У іх добрыя былі адносіны, але так атрымалася».

Hавiны
Пачаўся збор сродкаў на аперацыю сыну журналіста, які мог памерці ад каронавіруса
2020.04.12 16:18

СК belsat.eu

Стужка навінаў