Міліцыя затрымала сябраў ініцыятыўнай групы Ціханоўскай


Адразу трое чальцоў ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай раніцай 31 траўня былі затрыманыя міліцыяй.

У Менску на вуліцы Кульман затрымалі Дзяніса Урбановіча з Маладога фронту. Як паведамляе журналіст «Белсату», актывіста пасадзілі ў аўтобус. У адным са двароў побач Камароўскага рынку стаяць міліцэйскія бусы з праваахоўнікамі ў цывільным.

У Пінску АМАП затрымаў Валерыя Рамановіча. Пра гэта belsat.eu паведамілі ягоныя сябры. Вядома, што актывіст збіраўся ехаць у Берасце, аднак быў затрыманы на выхадзе з дому. Яго даставілі ў Пінскае ГАУС.

Фота, якое Рамановіч даслаў з пастарунку

Прычына затрымання невядомая. Афіцыйнай інфармацыі на гэты конт няма.

Раніцай 31 траўня на выездзе з Баранавічаў затрымалі актывістку Тамару Патоцкую. Прычына – «не пройдзены тэхагляд». Яе павезлі ў РУУС у суправаджэнні пяці міліцэйскіх машын з мігалкамі.

Тэлеграм-канал «Краіна для жыцця» піша, што ў Кобрыне затрыманы «у якасці сведкі» і дастаўлены ў пастарунак Уладзімір Мароз.

Яшчэ адзін чалец групы, Аляксандр Мілюк з Мастоў, паспеў папярэдзіць, што за ім дадому прыехала міліцыя, уручыла позву і павезла ў Горадню – імаверна, у Следчы камітэт.

Акрамя таго, каардынатар кампаніі па Гомельшчыне сцвярджае, што ля ягонага дому дзяжураць міліцыянты.

Нагадаем, раней у Горадні больш за дзясятак чалавек разам з Сяргеем Ціханоўскім былі затрыманыя падчас збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую. У суботу 8 чалавек (у тым ліку Ціханоўскага) перавезлі ў Менск, іх вінавацяць у нападзе на міліцыянта. Распачатая крымінальная справа.

КА belsat.eu

Стужка навінаў