
У Санкт-Пецярбургу другі раз за тыдзень усталявалі «надмагілле» прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна. Пра гэта паведамілі актывісты «бестэрміновага пратэсту» на сваёй старонцы ў сацсетцы «В контакте» і тэлеграм-канале «ПЬЯTNIЦА».
За першую падобную акцыю суд пакараў двух удзельнікаў праекту «АгитРоссия» адміністрацыйным арыштам, нагадвае DW.COM.
На здымку, апублікаваным актывістамі, відаць, што пад фотаздымкам кіраўніка дзяржавы і яго імем на «надмагільным камяні» выбітыя даты 1952-2019, а таксама надпіс «Палітычны труп у Расейскай Федэрацыі».
«Здаецца, так выказваць сваё расчараванне прэзідэнтам становіцца ў Расеі традыцыяй. Бестэрміновы пратэст», – суправадзілі публікацыю яе аўтары, не ўдакладняючы, дзе менавіта ўстаноўлена новае «надмагілле».
Першую падобную акцыю незадаволеныя палітыкай Пуціна правялі ў Пецярбургу 3 красавіка, усталяваўшы надмагільную пліту на Ісакіеўскай плошчы з надпісам «Аддаў народ Расеі». Праз два дні суд прызначыў двум грамадзянскім актывістам, удзельнікам праекту «АгитРоссия» Андрэю Жэксімбаеву і Рыгору Кудраўцаву 9 сутак адміністрацыйнага арышту.
Раней акцыі з «надмагіллем Пуціна» праходзілі і ў іншых расейскіх гарадах. Першая падобная інсталяцыя адбылася 10 сакавіка ў Набярэжных Чоўнах, дзе каля будынку Следчага камітэту быў усталяваны чорны помнік з партрэтам прэзідэнта РФ і надпісам «1952-2019». Пасля гэтага акцыя ператварылася ў флэшмоб.
Несанкцыянаваны «бестэрміновы пратэст» быў абвешчаны ў Маскве ў верасні 2018 года. Яго ўдзельнікі, збіраючыся ў розных месцах расейскай сталіцы і іншых гарадах, патрабуюць адстаўкі прэзідэнта, урада, адмены пенсійнай рэформы, і роспуску Раскамнагляду.
«УКантакце» выдаляе фота «магілы Пуціна». Раней яе стваральніка затрымалі
СК belsat.eu