У Пецярбурзе будуць штрафаваць за беларускую сімволіку ля амбасады


З 26-га снежня беларусам, якія пражываюць у Пецярбургу, будзе забаронена збірацца ля будынку амбасады з нацыянальнай атрыбутыкай скандаваць лозунгі, паведамляе «Северо-Запад. МБХ медиа» са спасылкай на прадстаўніка беларускага зямляцтва Артура Грунтова.

«Учора да нас падышоў супрацоўнік паліцыі і сказаў, што з заўтрашняга дня нам забараняецца знаходзіцца ля амбасады з беларускай атрыбутыкай і крычаць лозунгі», – распавёў ён.

Прадстаўнік аховы правапарадку спаслаўся на федэральны закон, паводле якога грамадзянам замежных дзяржаў забаронена ладзіць мітынгі на тэрыторыі Расеі.

«Я сказаў яму, што мы не праводзім мітынгі. На што ён адказаў, што публічныя мерапрыемствы таксама забароненыя. А раз мы стаім з сцягамі і іншай атрыбутыкай – гэта можна кваліфікаваць як публічнае мерапрыемства », – пракаментаваў Грунтаў.

Паліцэйскі таксама паведаміў, што забараняецца выкарыстоўваць не толькі сцяг, а нават стужкі і значакі, а пры неабходнасці ў судзе «мыдакажам, што ваш значок – гэта атрыбутыка». За парушэнне забароны ўдзельнікі пратэстаў ля амбасады будуць аштрафаваныя на 4 000 расейскіх рублей (140 BYN).

«Прамым тэкстам было сказана: я чалавек маленькі, мне дадзена зверху такая ўстаноўка. Некаторым людзям вы моцна надакучылі », – пракаментаваў Грунтаў.

Па яго словах, проста стаяць ля амбасады, без сцягоў і іншай атрыбутыкі, будзе дазволена.

Беларусы, што пражываюць у Пецярбургу, выходзяць на акцыі салідарнасці і пратэсту 139 дзён запар. Яны патрабуюць адстаўку Аляксандра Лукашэнкі і падтрымліваюць землякоў на радзіме.

belsat.eu

Стужка навінаў