У першы тыдзень красавіка ў Пінску запускаецца судовы канвеер


Адбудзецца як мінімум 7 судовых паседжанняў, на якіх будуць судзіць пінчукоў, якія выйшлі на плошчу 26 сакавіка.

26 сакавіка каля 70 жыхароў Пінску сабраліся на аточаную міліцыянтамі цэнтральную гарадскую плошчу, каб паказаць, што іх не задавальняе эканамічная і палітычная сітуацыя ў дзяржаве. Яшчэ прыкладна столькі ж пінчукоў назіралі за сходам на адлегласці.

Да сходу выйшаў начальнік Пінскага ГАУС і папрасіў разысціся з несанкцыянаванага мітынгу. Аднак людзі яго не паслухаліся. Тады выклікалі аўтазакі і АМАП павалок у іх чатырох людзей. Пінчукі абурыліся гэтым і адмовіліся разыходзіцца. Міліцыянты ізноў пачалі ўгаворваць людзей разысціся.

Далей падзеі развіваліся незвычайна. Да міліцыянтаў падышоў просты пінчук Мікалай Міхалевіч і прапанаваў добраахвотна праехаць у аўтазаку ў пастарунак, каб паглядзець, што там будуць рабіць з затрыманымі, да яго далучыўся Алесь Рамановіч. Міліцыянты пагадзіліся, і нават выпусцілі двух затрыманых, у якіх пры сабе былі пашпарты. Людзі мірна разышліся. Больш падрабязна пра гэта можна прачытаць тут.

Як высветлілася пазней, у той дзень яшчэ двух жыхароў Пінску цішком затрымалі і адвезлі ў будынак ГАУС, аднак усіх, без складання пратаколаў адпусцілі.

Затое ўвесь апошні тыдзень сакавіка па гэтай тэме плённа пачалі працаваць участковыя інспектары. Людзей, якія знаходзіліся 26 сакавіка на плошчы, выклікаюць, апытваюць і складаюць на іх пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, а некаторым у дадатак – за непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі.

Вядома, што 4,6,7 красавіка адбудуцца суды над 7 пінчукамі, якія 26 сакавіка проста стаялі на галоўнай плошчы гораду. Магчыма да іх далучацца яшчэ два чалавекі, якіх выклікалі на размовы да ўчастковых.

belsat.eu

Стужка навінаў