«У першы дзень было вельмі страшна!» Студэнты БНТУ ўжо тыдзень на каранціне


У мінулую пятніцу, 28 лютага, стала вядома пра першы афіцыйны выпадак заражэння каронавірусам у Беларусі. Першым захварэлым стаў іранскі студэнт БНТУ, ягоных аднагрупнікаў адразу ізалявалі. Belsat.eu пагутарыў са студэнтам БНТУ Аляксандрам і даведаўся, як выглядае каранцін для тых, хто кантактаваў з інфікаванымі асобамі.

БНТУ. Фота – Ірына Арахоўская / «Белсат»

28 лютага стала вядома, што ў іранскага студэнта БНТУ выявілі каронавірус. Гэта быў першы афіцыйна пацверджаны выпадак захворвання COVID-19 у Беларусі. Студэнтаў і выкладчыкаў, якія кантактавалі з іранцам Парсай, накіравалі на каранцін у шпіталь.

На каранцін у тым ліку трапіў студэнт БНТУ Аляксандр, з якім атрымалася пагутарыць па тэлефоннай сувязі журналісту belsat.eu. У яго і ягоных аднагрупнікаў першыя аналізы паказалі адмоўны вынік – то бок каронавірусам яны не заразіліся. Аднак яны застаюцца на каранціне і чакаюць паўторнага тэсту.

Студэнт БНТУ Аляксандр. Фота – https://vk.com/kanc8

– Як ты трапіў на каранцін?

– Быў звычайны дзень. Я прачнуўся раніцай, збіраўся на пары. Стукаюць у дзверы «абшчагі» [пакоя ў студэнцкім інтэрнаце. – belsat.eu]. Я адчыняю і бачу: там стаяць два чалавекі ў такіх ізаляваных «супрацьчумных» касцюмах. Назвалі мяне і майго аднагрупніка, суседа па пакоі. Кажуць: збірайцеся. Мы пытаем: куды, што здарылася? Яны адказваць: потым патлумачым усё. Нас пасадзілі ў хуткую і павезлі ў Бараўляны, у шпіталь інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны. Мы думалі, што гэта працягнецца гадзіны дзве максімум – возьмуць аналізы і адпусцяць. Ніхто з сабой важных рэчаў не браў. Але нас паклалі ў шпіталь на два тыдні.

Усе былі ў шоку! У першы дзень было вельмі страшна! Але калі першыя аналізы паказалі адмоўны вынік, страх стаў знікаць.

– А ў які момант вам патлумачылі, чаму вас забралі і што здарылася?

– Калі мы ехалі ў машыне хуткай дапамогі. Нам мала што казалі канкрэтна. Казалі проста, што іранец заразіўся і яго забралі, а цяпер усе асобы, што з ім кантактавалі, едуць у шпіталь. Тады мы зразумелі, што гаворка ідзе пра Парсу, нашага аднагрупніка.

Машына хуткай дапамогі каля спартова-тэхнічнага факультэта БНТУ. Фота – Ірына Арахоўская / «Белсат»

– А калі ты апошні раз бачыўся з Парсай – у папярэдні дзень на занятках?

– Я быў у папярэдні дзень на занятках, але дакладна не магу сказаць, ці бачыў я Парсу тады. Дакладна памятаю, што мы з ім бачыліся ў панядзелак, 24 лютага.

– Як выглядае ваш каранцін? Якія ёсць абмежаванні?

– Мы як у санаторыі. Мы ляжым, нічым не займаемся. Працэдураў ніякіх няма. Проста тры разы на дзень вымяраюць нам тэмпературу. Больш нічога.

На паверсе толькі мы. Мы не можам выйсці і да нас ніхто не можа зайсці. Калі трэба нам нешта перадаць, то на прахадным пункце пакідаюць пакет, а потым падымаюць да нас. Мы заўсёды апранаем аднаразовыя маскі, калі выходзім з пакоя. У самой палаце можам знаходзіцца без масак.

– Але паміж сабой вы можаце кантактаваць?

– Так. Мы можам хадзіць адзін да аднога ў палаты, размаўляць. То бок сэнс каранціну менавіта ў тым, каб іншыя людзі з намі не кантактавалі і не маглі заразіцца.

Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

– Якія аналізы ў вас бралі ў першы дзень і ці будуць браць паўторна?

– Аналізы ў першы дзень – гэта мазок слізістай і гартані. Вынікі нам абвесцілі ў аўторак – ва ўсіх былі адмоўныя вынікі. Гэта вельмі добра. Паўторныя аналізы пакуль не бралі, але ў хуткім часе будуць браць. І калі паўторны аналіз будзе адмоўны, то нас выпішуць.

– У выпадку адмоўнага выніку выпішуць адразу або ўсё роўна дачакаюцца сканчэння 14-дзённага тэрміну?

– Тут я сам не зусім разумею. Канкрэтна нам не кажуць. Аналізы ўсе робяцца хутка. Загадчык аддзялення ўчора казаў, што на 13-ы дзень робіцца аналіз і на 14-ы ужо будзе вынік. То бок 14 дзён прадугледжана. Але не зразумела, ад якога дня ідзе адлік. Хтосьці кажа, што адлік ідзе ад таго дня, калі нас сюды паклалі. Хтосьці кажа, што з моманту першага кантакту [з інфікаваным іранскім студэнтам. – belsat.eu], а хтосьці – што з моманту апошняга кантакту. Таму мы самі не разабраліся.

– Была інфармацыя, што шэсць студэнтаў і выкладчыкаў, якія адносяцца да кантактаў другога ўзроўню, ужо выпісаныя са шпіталю. Ты ведаеш іх?

– Не, не ведаю, але чуў пра тое, што кагосьці выпісалі.

Абноўлена
Студэнтка БНТУ: У ВНУ сітуацыя падобная да панікі
2020.02.28 11:31

***

Па стане на раніцу 6 сакавіка ў Беларусі зафіксавана шэсць выпадкаў каронавірусу – чатыры ў Менску і два на Віцебшчыны. Як паведамілі 5 сакавіка ў Міністэрстве аховы здароўя, пацыенты адчуваюць сябе задавальняюча, скаргаў і павышэння тэмпературы няма.

Акрамя таго медыкі назіраюць за 91 чалавекам з блізкага кола інфікаваных. Усе студэнты БНТУ адчуваюць сябе задавальняюча, сцвярджаюць у міністэрстве, ні ў каго з іх каронавірус не выявілі. Шэсць студэнтаў і выкладчыкаў з другога кола кантактаў ужо адпусцілі са шпіталю.

Аб’ектыў
Агульны душ і туалет на калідоры: каранцінная зона для кітайцаў пад Менскам
2020.03.05 21:43

ІІ belsat.eu

 

Стужка навінаў