У Паставах працягвае сухую галадоўку дыябетык Анатоль Астроўскі


Пяць дзён без ежы – на знак пратэсту супраць прыбывання за кратамі і міліцэйскага крывадушша.

Анатоля Астроўскага затрымалі ў сераду, 23 верасня, дзеля складання пратаколу за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Тэрмін знаходжання пад вартай у яго сканчаўся ў пятніцу. Але паводле распаўсюджанай рэпрэсіўнай практыкі, мужчыну адпусцілі і адразу ж затрымалі зноў, склаўшы пратакол за ўдзел у мітынгу і шэсці, якія адбыліся 16 жніўня. Гэтая акцыя была найбольш масаваю ў Паставах.

Мітынг у Паставах 16 жніўня. Астроўскі сярод аднадумцаў. Фота Belsat.eu

У ёй прынялі ўдзел больш за дзве тысячы чалавек. На правядзенне была заключаная вусная дамова з міліцыяй. Але зараз гэты факт міліцыянты адмаўляюць.

Мітынг у Паставах 16 жніўня. Фота Belsat.eu

Менавіта супраць такога крывадушша і скіраваны пратэст Анатоля Астроўскага. Ён патрабуе ад міліцыянтаў спыніць справу супраць яго, а таксама прынесці яму прабачэнні за незаконнае затрыманне. Сам Анатоль хворы на цукровы дыябет. Ён адмовіўся не толькі ад ежы, але і ад лекаў. Каб хоць неяк сачыць за станам яго здароўя, жонка Астроўскага наняла адвакатку, якую дапусцілі да затрыманага.

ЗЛ Belsat.eu

Стужка навінаў