У пастарунку Кацярыну Андрэеву прымусілі распрануцца да бялізны. На яе складзены пратакол

ВІДЭА

Кацярына Андрэева з чарговым пратаколам каля Бараўлянскага аддзелу міліцыі

Журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева, якую сёння затрымалі ў Курапатах падчас стрыму, больш за гадзіну правяла ў Бараўлянскім аддзеле міліцыі. На яе быў складзены чарговы пратакол паводле ч. 2 арт. 22.9 КоАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі медыяў).

Кацярыну Андрэеву затрымалі каля 16.10. побач з так званым комплексам «Бульбаш-хол» у Курапатах, дзе ўчора адкрылася рэстарацыя «Паедзем, паядзім». У той момант, калі журналістка вяла стрым, да яе падышоў супрацоўнік праваахоўных органаў у цывільным (ён не прадставіўся) і пацягнуў у міліцэйскую машыну. Пры гэтым чалавек у цывільным заявіў карэспандэнтке «Белсату», што яе дзейнасць на тэрыторыі Беларусі нібыта незаконная.

Кацярыну Андрэеву прывезлі ў Бараўлянскі аддзел міліцыі УУС Менаблвыканкаму, дзе яна правяла больш за гадзіну. На журналістку склалі пратакол паводле арт. 22.9 КоАП.

«Мяне абурыла тое, што мяне затрымліваў чалавек у цывільным, які не прадставіўся і пры гэтым выкарыстаў грубую сілу. Нават міліцыянты ў пастарунку потым прызнавалі, што патрэбы выкарыстоўваць сілу пры маім затрыманні не было. Я прапаноўвала, каб пратакол быў складзены на месцы, але мяне ўсё роўна павезлі ў аддзел міліцыі. У пастарунку міліцыянты мне сказалі: ёсць інфармацыя, што нібыта я маю пры сябе прыладу для запісу. Я заявіла, што гэта няпраўда, але яны ўсё роўна сказалі, каб супрацоўніца мяне дагледзела. Мяне прымусілі распрануцца да бялізны, супрацоўніца міліцыі мяне дагледзела і натуральна ніякай прылады не знайшла. У астатнім міліцыянты ў пастарунку паводзілі сябе карэктна», – распавядае Кацярына Андрэева.

Журналістку «Белсату» Кацярыну Андрэеву затрымалі ў Курапатах побач з так званым комплексам «Бульбаш-хол», дзе ўчора адкрыўся рэстаран «Паедзем, паядзім».

Publiée par «Белсат» sur mercredi 6 juin 2018

Журналістка падкрэсліла, што лічыць сённяшняе затрыманне «палітычна матываваным пераследам».

Пачынаючы з 2017 года на Кацярыну Андрэеву было складзены ўжо 8 пратаколаў за яе прафесійную дзейнасць.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары