У Парыжы паляць аўты. Пацярпела больш за 100 чалавек


1 снежня масавы пратэст супраць павышэння коштаў на паліва перарос у беспарадкі. Дэманстранты білі і падпальвалі прыпаркаваныя на вуліцах машыны.

Падчас сутыкненняў з паліцыяй пацярпела больш за 100 чалавек. Сярод параненых каля 20 праваахоўнікаў. Паліцыя затрымала больш за 300 удзельнікаў закалотаў. «Le Figaro» паведамляе пра 412 затрыманых. Французскія ўлады не выключаюць магчымасць увядзення надзвычайнага становішча.

Пацярпела таксама Трыумфальная арка – яе распісалі графіці. 1 снежня на вуліцы французскай сталіцы выйшла каля 8000 асобаў. У пратэстах па ўсёй Францыі ўзялі ўдзел 36 000 чалавек.

Пратэсты ў Францыі доўжацца ўжо трэці тыдзень. Падчас пратэстаў загінулі дзве асобы. Усё пачалося з акцыяў «жоўтых камізэлек» – пратэстоўцы выходзілі на трасы і перакрывалі рух транспарту.

Рух «жоўтых камізэлек» атрымаў сваю назву дзякуючы жоўтым святлоадбівальным камізэлькам абавязковым для французскіх кіроўцаў, якія носяць маніфестанты.

У 2019 годзе ў Францыі вырастуць падаткі на паліва. Сёлета кошт самага папулярнага ў Францыі дызельнага паліва вырас на 23 %.

Рост коштаў на паліва звязаны з экалагічнай рэформай, якая прадугледжвае ліквідацыю да 2022 года ўсіх вугальных электрастанцыяў. У 2030-м Францыя таксама плануе ў 5 разоў павялічыць вытворчасць электрычнасці за кошт сонечнай энергетыкі.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў