У Парыжы аднавіліся пратэсты «жоўтых камізэлек»


У цэнтры Парыжа тысячы людзей зноў вышлі на так званыя пратэсты «жоўтых камізэлек». Да месца акцыі сцягнутыя французскія сілавікі.

Ужо адбылося некалькі дробных сутычак пратэстоўцаў з паліцыяй. Улады паведамляюць пра амаль 80 затрыманых па стане на 12.00 па французскім часе (14.00 па Менску).

У цэлым, як паведамляе Reuters, колькасць удзельнікаў акцыі сёння менш за тую, што назіралася на мінулых тыднях. Пратэстоўцы ў жоўтых камізэльках збіраюцца на Елісейскіх палях, а таксама на прыступках Гранд-опера, дзе праходзіць сядзячы пратэст, паведамляе RFI.

У Парыжы цяпер перакрытыя практычна ўсе лініі метро, што ідуць праз цэнтр. Па патрабаванні прэфектуры зачыненыя ўчасткі аўтастрады А6 і А7.

Паведамляецца таксама пра пратэсты ў Марсэлю і Страсбургу.

Масавыя дэманстрацыі супраць падаражэння паліва (сёлета кошты выраслі на 20 %, налета павінныя былі вырасці яшчэ) адбываюцца па ўсёй Францыі з 17 лістапада. Пасля абяцання ўладаў не падымаць кошты пратэстоўцы, аднак, не спынілі акцыі. Цяпер яны дамагаюцца падвышэння заробкаў і адстаўкі ўраду і прэзідэнта. Некаторыя пратэстоўцы падчас акцыяў падпальваюць аўты, разбіваюць вітрыны і рабуюць крамы. У мінулую суботу для забеспячэння парадку дзяржава мабілізавала 90 тысячаў паліцыянтаў. Нягледзячы на просьбы не дадаваць працы праваахоўнікам пасля тэракту ў Страсбуры, «жоўтыя камізэлькі» выйшлі на вуліцы ўжо пятыя выходныя запар.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў