У паліклініках з'явяцца «антыспаронавыя» кабінеты


Чыноўнікі чакаюць, што адкрыццё кабінетаў «За жыццё» будзе спрыяць павышэнню нараджальнасці.

Новыя кабінеты, дзе жанчыны змогуць атрымліваць кансультацыі акушэраў-гінеколагаў і псіхолагаў, адкрыюцца ў паліклініках Завадскога, Ленінскага і Фрунзенскага раёнаў у Менску.

Паводле намесніка старшыні Менгарвыканкаму Ігара Юркевіча, цяпер у менскіх паліклініках «актыўна вядзецца праца па перадспаронавым кансультаванні, дзякуючы якой жанчыны з непажаданай цяжарнасцю пасля размоваў з адмыслоўцамі, вырашаюцца на даношванне дзіцяці», – паведамляе агенцыя «Менск-Навіны».

Адкрыццё трох «антыспаронавых» кабінетаў запланаванае на трэці квартал 2017 году. Пра гэта чыноўнік заявіў на паседжанні гарадскога міжведамаснага савету па фармаванню здаровага ладу жыцця, прафілактыцы пʼянства, алкагалізму і наркаманіі.

Чытайце таксама:

Мяркуецца, што ў кабінеты «За жыццё» змогуць звяртацца не толькі жанчыны, што вырашыліся на спарон, але і жанчыны, што апынуліся ў крызіснай сітуацыі, напрыклад, ахвяры сексуальнага гвалту.

Спароны ў Беларусі: паступовае абмежаванне

Беларуская дзяржава імкнецца скараціць колькасць спаронаў. Гэтак летась у кастрычніку Міністэрства аховы здароўя зладзіла акцыю «Тыдзень без спаронаў». Цягам сямі дзён па ўсёй краіне не рабілі спароны, за выключэннем выпадкаў, калі на гэта былі медычныя паказанні: цяжарнасць пагражае жыццю жанчыны, выпадкі генетычных заганаў развіцця плоду.

У Беларусі спароны робяць паводле жадання жанчыны ў тэрмінах да 12 тыдняў цяжарнасці. Пры наяўнасці сацыяльных прычынаў (калі цяжарнасць наступіла ў выніку сексуальнага гвалту або калі суд пазбавіў бацькоўскіх правоў) па жаданні жанчыны – на тэрміне да 22 тыдняў. Калі ёсць медычныя паказанні, то спарон можа быць праведзены на любым тэрміне.

У 2013 годзе спіс сацыяльных прычынаў быў істотна скарочаны. Гэтак да зменаў у заканадаўстве ў спісе сацыяльных прычынаў былі такія, як смерць мужа падчас цяжарнасці жанчыны, знаходжанне жанчыны або ейнага мужа ў турме, беспрацоўе жанчыны і інш.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў