У Палацы моладзі выявілі каронавірус. Адміністрацыя: Працуем у штатным рэжыме


Працаўніца менскага Палацу дзяцей і моладзі заразілася каронавірусам, аднак установу не зачынілі і некаторыя гурткі працягваюць дзейнічаць.

У рэдакцыю belsat.eu звярнуўся жыхар Менску Аляксей, які паведаміў, што ягоныя бацькі працуюць у Палацы моладзі і ў адной з іхных калег выявілі каронавірус.

Аляксей непакоіцца праз тое, што ягоных бацькоў пенсійнага ўзросту адмыслова не ізалявалі, а ў Палац па-ранейшаму ходзяць дзеці.

«Учора спачатку мне патэлефанавала маці і сказала, што ў іх калега ў шпіталі ўжо каля тыдню. Нічога невядома было, што з ёй. А ўвечары дырэктарка сказала матуле, што са шпіталю паведамілі пра каронавірус. Мы вельмі спужаліся, бо яны з той калегай працавалі на адным паверсе, хадзілі ў адну прыбіральню, дакраналіся да адных дзвярных ручак», – тлумачыць Аляксей.

Ён звяртае ўвагу на тое, што ў Палацы працуе даволі шмат людзей сталага веку і адміністрацыя ніякім чынам іх не ізалявала.

Hавiны
У дзіцячым садку ў Менску ў выхавальніцы знайшлі каронавірус. Але садок працуе
2020.04.03 12:49

«Бацькі сёння не выйшлі на працу, але проста таму, што іх афіцыйна наступіў адпачынак. Ён працягнецца тыдзень, але што ім рабіць потым?»

Паводле Аляксея, калі бацькі самі паскардзяцца ў СМІ – у іх будуць праблемы. Пазіцыя адміністрацыі такая, што за распаўсюд інфармацыі можа пагражаць нават звальненне, сцвярджае мужчына.

«Мама таксама сказала, што пасля таго, як стала вядома пра каронавірус у гэтай калегі, у будынку не правялі ніякай дэзынфекцыі, наагул нічога не зрабілі. На наступны дзень людзі проста выйшлі на працу», – дадае ён.

Belsat.eu паспрабаваў высветліць, якія прафілактычныя меры прымаюцца ў Палацы моладзі пасля несуцяшальнай навіны.

Hавiны
Медсястра з Менску: рэактываў на тэсты няма, як няма і масак, антысептыкаў, спецадзення
2020.04.03 12:33

«Не каментуем сітуацыю»

На афіцыйным сайце Палацу паведамляецца, што ў план правядзення масавых мерапрыемстваў з 16 сакавіка па 6 красавіка былі ўнесеныя змены. Гэтак, большасць конкурсаў, выставаў і спаборніцтваў на гэты перыяд або цалкам адмененыя, або зменены іх фармат.

Напрыклад, прызначаны на 4 красавіка тэнісны турнір адменены, а адборачны тур конкурсу-прэзентацыі прафесіяў «Творчыя індустрыі» пройдзе 6 красавіка без гледачоў. На конкурс юных мадэльераў удзельнікі прыслалі свае працы ў фота- і відэфармаце. Пра некаторыя мерапрыемствы на сайце гаворыцца, што дата іх правядзення будзе абвешчана дадаткова.

Што датычыць гурткоў, то пакуль на сайце ёсць абвестка толькі пра перавод на дыстанцыйныя заняткі курсу па эканоміцы. Звестак пра адмену заняткаў у іншых гуртках няма.

Пра тое, што дзеці працягваюць наведваць Палац моладзі, сведчаць фота ў Instagram. Гэтак, 4 дні таму яны займаліся ў групах. 20 сакавіка ансамбль танцу «Чабарок», які праводзіць заняткі там жа, у сваім акаўнце змясціў відэа, дзе танчаць адразу 10 дзяўчынак.

А 18 сакавіка некалькі дзясяткаў дарослых сабраліся ў Палацы на гульню «Што? Дзе? Калі?». У сярэдзіне месяца на чэмпіянат прыязджалі ўдзельнікі з Расеі.

Фота: Instagram

У прыёмнай дырэктаркі Палацу моладзі сцвярджаюць, што яе самой на працоўным месцы няма. Пры гэтым, пачуўшы пра жанчыну з каронавірусам, адразу адмаўляюцца ад каментароў.

«У нас Палац працуе ў штатным рэжыме. Усе меры прынятыя. Мы не каментуем гэтую сітуацыю, гэта наша права. Тэлефануйце, куды хочаце», – сказала сакратар.

***

Нагадаем, цяпер у беларускіх школьнікаў вясновыя канікулы. 3 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што іх могуць працягнуць яшчэ на тыдзень. Афіцыйна каранцін у краіне дагэтуль не ўведзены.

Па стане на 3 красавіка ў Беларусі зафіксаваны 351 выпадак інфікавання каронавірусам, сказаў Лукашэнка. 6 чалавек памерлі, з іх адзін – у Менску. Мінаховы здароўя сцвярджае, што будзе тэставаць на наяўнасць каронавірусу ўсіх пацыентаў з пнеўманіяй сярэдняй ступені цяжкасці.

КА belsat.eu

Стужка навінаў