У Наваполацку прадпрымальніку невядомы «добразычлівец» хацеў перадаць зброю


Мужчына мяркуе, што гэта правакацыя за ягоную палітычную пазіцыю.

9 верасня ў Наваполацку невядомы мужчына прынёс у краму адзення зброю і папрасіў прадаўца перадаць гэта гаспадару крамы Вадзіму Рылаву. Прадавец выклікала ахову. Усё адбылося ў гандлёвым цэнтры «Стралецкі капітал».

«Што яго прымусіла гэта зрабіць, невядома, – кажа Вадзім Рылаў. – Незразумелы чалавек прыйшоў, сказаў: «Забярыце ружжо». Яна выклікала ахову. Там зараз разбіраюцца, будуць шукаць гэтага чалавека».

Стоп-кадр з камеры назірання ў краме Вадзіма Рылава.
Фота: асабісты архіў героя

10 жніўня, пад канец дня, Вадзіму патэлефанаваў дырэктар гандлёвага цэнтру, у якім месціцца крама, і паведаміў, што міліцыя абяцала прыйсці толькі заўтра. Вадзім звязвае гэты інцыдэнт з ціскам на яго за грамадзянскую пазіцыю.

Усё пачалося 21 жніўня, калі Вадзім выступіў на праўладным мітынгу ў Шаркаўшчыне, дзе распавёў пра арышты і збіццё беларускіх грамадзянаў. Прыхільнікі Лукашэнкі спрабавалі сарваць ягоны выступ. Таксама не раз Вадзім Рылаў удзельнічаў у паслявыбарчых пратэстах, якія ладзіліся ў Шаркаўшчыне. 8 верасня суд Шаркаўшчынскага раёну прысудзіў яму 15 базавых велічынь (450 рубю) за ўдзел у мітынгу.

«Яны выклікалі Вадзіма ў міліцыю, а адтуль павезлі адразу ў суд, – кажа Ілона Шушунова, грамадская актывістка з Шаркаўшчыны. – Паступілі як баязліўцы, каб мы не змаглі прыйсці яго падтрымаць».

Вадзім Рылаў.
Фота: асабісты архіў

Паводле Ілоны, Вадзім Рылаў – адзіны чалавек у Шаркаўшчыне, якога судзілі за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах.

«Мы ўсе ходзім злыя, што на аднаго чалавека хочуць усіх сабак павесіць», – абураецца Ілона Шушунова.

Сам Вадзім таксама не можа патлумачыць, чаму ўлады выбралі менавіта яго: «Хіба за тое, што больш за ўсіх выступаў на мітынгу?»

Вадзім Рылаў 10 гадоў адслужыў у Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях. Потым стаў прадпрымальнікам, гандляваў на рынку, зараз збіраецца адкрываць швейную фабрыку на месцы закрытай школы ў вёсцы Наваселле пад Шаркаўшчынай, на якой будзе 35 працоўных месцаў.

Зміцер Лупач Belsat.eu

Стужка навінаў