У Наваградку перайменавалі школьны музей імя Барыса Кіта


Школьны музей Барыса Кіта ў Наваградку, які месціцца ў будынку былой гімназіі, дзе ён быў дырэктарам, змяніў назву. Пра гэта паведамляе Hrodna.life.

Наваградская СШ №1 месціцца ў будынку былой гімназіі, дырэктарам якой у 1939 годзе стаў Барыс Кіт. З 2007 года там адкрылі музей імя Барыса Кіта. Ён уключае раздзелы, звязаныя з гісторыяй школы, і мемарыяльны пакой Кіта. У экспазіцыі – дакументы, экспанаты, звязаныя з жыццём і дзейнасцю былога дырэктара і выкладчыка. Сёлета музей памяняў сваю назву, у ёй больш не згадваецца імя славутага навукоўца.

Паводле крыніцы Hrodna.life, змена назвы музею адбылася пасля візіту камісіі па адукацыі, якая не ўхваліла, што гэта музей менавіта імя Барыса Кіта. Аднак дырэктарка СШ №1 Ала Сталярчук назвала гэта чуткамі. Паводле яе, музей перайменавалі, бо з 2017 года аб’ядналі дзве школы, №1 і №2. У №2 таксама быў музей школы, яму вылучылі памяшканне, і агульны музей цяпер называецца «Вехі гісторыі». Паводле дырэктаркі, перайменаванне адбылося ў пачатку 2019 года згодна з рашэннем педагагічнага савету.

  • Барыс Кіт нарадзіўся 6 красавіка 1910 г. у Санкт-Пецярбурзе. Пасля рэвалюцыі з’ехаў на радзіму бацькі ў вёсцы Агароднікі Карэліцкага раёну. Пазней скончыў Наваградскую беларускую гімназію і Віленскі ўніверсітэт. Паводле адукацыі быў настаўнікам. Працаваў дырэктарам Віленскай і Наваградскай гімназіяў. Пасля вайны эміграваў у ЗША, дзе рэалізаваў сябе як навуковец, зрабіўшы значны ўнёсак у сусветную астранаўтыку. Памер 1 лютага 2018 года ў Франкфурце-на-Майне.
Аб’ектыў
Сышла эпоха. Якім застанецца ў гісторыі Барыс Кіт?
2018.02.03 20:37

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў