У НАТО і АДКБ пракаментавалі заявы Лукашэнкі


Сцягі краінаў удзельніц НАТО. Ілюстратыўны здымак Pixaby

НАТО адхіліла абвінавачванні прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што ідзе працэс нарошчванне ваеннай моцы альянсу паблізу заходняй мяжы краіны, перадае «Інтэрфакс-Захад».

«Ніякага нарошчвання сілаў НАТО ў рэгіёне няма. Шматнацыянальная прысутнасць НАТО ва ўсходняй частцы Паўночнаатлантычнага саюзу не ўяўляе пагрозы ні для адной краіны. Яна носіць строга абарончы, суразмерны характар і накіравана на перадухіленне канфліктаў і захаванне міру», – гаворыцца ў заяве прэс-сакратара альянсу.

Ён заклікаў беларускія ўлады паважаць асноўныя свабоды, уключаючы права на мірны пратэст, і адзначыў, што ў альянсе ўважліва сочаць за развіццём сітуацыі ў Беларусі.

Кіраўнікі дзяржаваў сябраў АДКБ. Фота з архіву Belsat.eu

Тым часам прэс-сакратар АДКБ Уладзімір Зайнетдзінаў заявіў, што Арганізацыя Дамовы аб калектыўнай бяспецы прыме рашэнне аб аказанні дапамогі Беларусі пасля адпаведнага звароту Менску і кансультацый з дзяржавамі – сябрамі АДКБ.

«У сакратарыят АДКБ на дадзены момант пакуль не паступала звароту Беларусі аб аказанні дапамогі. У выпадку паступлення такога звароту ён будзе разгледжаны ў адпаведнасці з вызначаным у арганізацыі парадкам. Рашэнне будзе прынятае пасля правядзення кансультацыяў з усімі дзяржавамі сябрамі АДКБ», – адзначыў Зайнетдзінаў.

Паводле яго словаў, падставай для аказання дапамогі Беларусі з’яўляецца артыкул чатыры Дамовы аб калектыўнай бяспецы і палажэнні Статуту Арганізацыі.

15 жніўня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Расея акажа дапамогу ў выпадку звароту Беларусі дзеля забеспячэння бяспекі ў выпадку вонкавых ваенных пагрозаў. Ён распавёў аб дамоўленасці з Уладзімірам Пуціным аб аказанні ваеннай дапамогі Беларусі ў выпадку неабходнасці.

«Калі гаворка ідзе аб ваенным складніку, у нас ёсць дамова з Расейскай Федэрацыяй у рамках Саюзнай дзяржавы і АДКБ. Як раз гэтыя моманты падыходзяць пад гэтую дамову. Таму сёння з Прэзідэнтам Расеі ў мяне адбылася працяглая, грунтоўная размова аб сітуацыі. Павінен сказаць, мяне нават крыху здзівіла – абсалютна азнаёмлены з тым, што адбываецца», – адзначыў Лукашэнка.

Лукашэнка таксама дадаў, што пры першым звароце з боку Менску Расея гатовая аказаць усебаковую дапамогу па забеспячэнні бяспекі Беларусі.

Hавiны
Лукашэнка паабяцаў не аддаць краіну нават калі будзе мёртвым
2020.08.16 15:54

На мітынгу 16 жніўня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што цяпер краіне прапануюць новы ўрад і салдатаў НАТО. «Чарнаскурых, жаўтаротых і белабрысых! Нас хочуць апрануць у лапці і паганяць бізуном! Няўжо вы гэтага не бачыце? Калі хтосьці гэта хоча – без мяне!» – дадаў ён.

Таксама Лукашэнка заявіў, што танкі і самалёты НАТО разгорнутыя ў 15 хвілінах язды ад беларускай мяжы.

МГ/НЯ belsat.eu

Стужка навінаў