У Насці Рыбкі ёсць таемныя аўдыязапісы перамоваў Дзерыпаскі па выбарах у ЗША


Дзяўчына расказала выданню The New York Times, што мае 16 гадзінаў размоваў Алега Дзерыпаскі пра ўмяшанні ў выбары прэзідэнта ЗША. Яна гатовая аддаць амерыканскім уладам усе доказы ў абмен на прытулак у Злучаных Штатах.

У артыкуле адзначаецца, што Дзерыпаска меў сувязі з былым старшынём кампаніі Доналда Трампа Полам Манафортам. Апошні фігуруе ў расследаванні спецпракурора ЗША Роберта Мюлера аб магчымым вонкавым умяшанні ў прэзідэнцкія выбары.

«Калі Амерыка дасць мне прытулак, я раскажу ўсё, што ведаю. Я баюся вяртацца ў Расею. Там са мной могуць здарыцца дзіўныя рэчы», – заявіла Насця Рыбка.

Інтэрв’ю з Рыбкай зладзілі ў іміграцыйным цэнтры ў Тайландзе. Рыбка паведаміла, што Дзерыпаска ды іншыя людзі, імёны якіх яна не хацела назваць, абмяркоўвалі выбары.

«У Дзерыпаскі быў план адносна выбараў. Але я не магу вам распавесці ўсё. Гэта датычыць не толькі мяне. Гаворка ідзе пра амерыканцаў ды грамадзянаў іншых краінаў», – дадала бабруйчанка.

Таксама яна пажалілася на ўмовы ўтрымання ў тайскай турме. Дзяўчына распавяла, што яе трымаюць у перапоўненай камеры з больш чым 100 жанчынамі, на якіх прыпадае толькі тры прыбіральні.

***

Насця Рыбка атрымала вядомасць дзякуючы расследаванню Фонду барацьбы з карупцыяй Навальнага.

Яе разам з Алексам Леслі і яшчэ 8 асобамі затрымалі 26 лютага ў Тайландзе па абвінавачванні ў арганізацыі нелегальнага секс-трэнінгу. Паводле мясцовага заканадаўства, гэта трапляе пад артыкул аб незаконнай працоўнай дзейнасці. Сама Рыбка сцвярджала, што толькі назірала, але не арганізоўвала яго.

Паліцыя адмовілася адпусціць Леслі і Рыбку пад заклад. Пазней яны папрасілі прытулак у ЗША. У Расеі Вашукевіч і Кірылаў (прозвішчы Рыбкі і Леслі) выступаюць адказчыкамі на пазоў Дзерыпаскі.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў