У «наркатычны артыкул» Крымінальнага кодэксу ўнесеныя змены


У другім чытанні дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі папраўкі ў артыкул 328 Крымінальнага кодэксу, які называюць наркатычны. Супраць зменаў раней актыўна выступала МУС.

Галоўныя змены – гэта зніжэнне ніжніх межаў пакарання па некаторых частках 328-га артыкулу. Гэтак цяпер за захоўванне наркотыкаў з мэтай распаўсюду пагражае ад 3 да 8 гадоў турэмнага зняволення. Раней мінімальнае пакаранне прадугледжвалася 5 гадоў. За гэтае ж злачынства, здзейсненае групай асобаў, у буйным памеры ці ўчыненае паўторна, пакаранне зніжана ад 6, замест ад 8 гадоў зняволення.

Не змяняецца пакаранне для асобаў, якія захоўваюць наркатычныя рэчывы без мэты распаўсюду, цяпер за гэта пагражае абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў.

«У прынцыпе тыя патрабаванні, якія мы агучвалі, выкананыя. Мы прасілі дэпутатаў прыняць законапраект, яны гэта зрабілі», – распавяла «Белсату» Таццяна Канеўская, актывістка Руху маці 328.

Пры гэтым актывісты Руху маюць намер змагацца за далейшыя змены наркатычнага заканадаўства.

«Мы размаўлялі з Уладзімірам Чэканам, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Дамовіліся, што пасля таго, як Палата прадстаўнікоў выйдзе з летняга адпачынку, мы працягнем абмеркаванне зменаў у заканадаўства. Мы імкнемся дапамагчы выйсці з турмы няпоўнагадовым. А таксама маем намер працягнуць працу з судамі, пракуратурай, каб змяніць практыку прымянення», – дадала Таццяна Канеўская.

Актывісты Руху маці 328 распачалі галадоўку з патрабаваннем зменаў заканадаўства

СК belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары