У нафтавікі бяруць сяброў і сваякоў. Як жыве нафтавая сталіца Беларусі?


«Мне здаецца, што ўсё ж такі нафта ў нас дзесьці ёсць», – сказаў некалі Аляксандр Лукашэнка. У здагадкі мы не верым, а таму наведалі Рэчыцу, каб даведацца, як жыць, калі нафта ў цябе пад нагамі.

Невялікі горад на 70 тысячаў чалавек, аточаны дзясяткамі радовішчаў нафты. Паўсюль у палях стаяць гэтак званыя станкі-пампавалкі – глыбінныя помпы з «малаткамі», якія, як маятнікі, рухаюцца ўверх і ўніз, выпампоўваючы чорнае золата з зямлі. Мясцовыя кажуць, што раней нафты было больш і яна была больш якасная. Цяпер жа запасы высільваюцца, і з неглыбокіх свідравінаў вымаюць вельмі вадзяністую вадкасць.

«Малаткі» ўдзень і ўначы пампуюць з зямлі чорнае золата.
Мясцовыя кажуць, што раней нафты было больш і яна была больш якасная

Відавочна, галоўнае прадпрыемства гораду – «Беларусьнафта». Раёны нафтавікоў займаюць значную частку Рэчыцы, асабліва прадмесце. Пару гадоў таму яны пабудавалі найбуйнейшую ў Беларусі сонечную электрастанцыю – 115 гектараў, памеры ўражваюць, але пра тое, што гэта іхнае, нагадвае шыльда і калючы плот пад напругай.

Энергія сонца ў руках нафтавікоў

Размах аб’ектаў наводзіць на думку, што тут прынамсі кожны другі – заможны чалавек. І сапраўды, на прадпрыемстве можна атрымліваць 1000 долараў.

Але трапіць туды амаль нерэальна. Паводле мясцовых, у нафтавікі бяруць сяброў і сваякоў працаўнікоў. Хіба што на сезонныя працы набіраюць старонніх, але гэта зусім не тыя грошы. Ёсць і іншыя арганізацыі, да прыкладу, рэчыцкі мэблевы завод, які ўвесь час субсідуецца ўрадам для падтрымання працы.

Праз гэта адчуваецца нейкае расслаенне, фінансавае. Настаўнікі, дактары атрымліваюць 300, максімум «па-500» (не долараў). Працы мала і выбару няшмат: ці трымаешся за сваё месца, ці зʼязджаеш у Гомель, што за 60 кіламетраў ад гораду, ну, ці скараць Менск.

Жыхары Рэчыцы ведаюць пра падатковы манеўр, які наўпрост адаб’ецца на горадзе, і выдатна разумеюць, што, калі загнуцца нафтавікі, то будзе толькі горш. Бо, нягледзячы на негатыўныя моманты, прадпрыемства дапамагае гораду развівацца: будуюцца новыя кварталы і «Еўраопты», а неўзабаве запусцяць першы гандлёвы цэнтр з кінатэатрам.

Рэха «Дажынак», або Што паглядзець над Дняпром?

Справка
Гарадскія інсталяцыі

Рэспубліканскія «Дажынкі», якія прайшлі тут у 2007 годзе, ўзгадваюцца дасюль. Гэта быў сапраўдны бум, бо ў невялікі райцэнтр прыехалі людзі з усёй Беларусі. Тады ж адрамантавалі дарогі, а на беразе Дняпра пабудавалі амфітэатр, які на той момант быў толькі ў Віцебску. Каля яго стаіць Капліца Еўфрасінні Полацкай. Вонкава нагадвае ракету, і здаецца, што дзесьці побач стаіўся Язэп Драздовіч, але ён тут ні пры чым, на жаль. Як і ў любым беларускім горадзе, тут ёсць касцёл і царква, у апошняй пры ўваходзе стаіць двухметровы пластыкавы крыж той самай Еўфрасінні Полацкай. Напэўна, арыгінал.

Дарэчы, існуе легенда, што ўнучка Усяслава Чарадзея, якая стала манашкаю, падчас свайго паломніцтва ў Іерусалім спынялася на адпачынак менавіта тут, у Рэчыцы.

Ёсць тут і пацешныя інсталяцыі ў выглядзе металічных дрывасекаў на набярэжнай або элегантных сметнікаў у капелюшах каля мясцовага ліцэю.

Трубы, якія вядуць да газаперапрацоўчага заводу

Рэстаран, ён жа клуб і караоке. Начное жыццё Палесся

Пасля 21:00 горад засынае, а хто маладзейшы – выпраўляюцца ў адную з трох забаўляльных установаў. На здзіўленне, проста наўгад туды прыйсці нельга: субота, вечар – і столікі толькі па запісе. Праз паўгадзіны на тэлефоне нам удалося зачэкініцца ў рэстаране «Палессе», дзе за ўваход трэба яшчэ плаціць. 7 рублёў – абавязковая сума, як пазней высветлілася, гэта за забаўляльную праграму, у якой жанчына з рудымі валасамі будзе шукаць нагоды вас з чымсьці павіншаваць і крычаць «з днём нараджэння», які быў у вас два тыдні таму.

Ва ўстанове, якая лічацца адною з найлепшых у горадзе, пры ўваходзе вам надзенуць на руку папяровы бранзалет, як на музычным фестывалі, і дадуць меню, дзе на першай старонцы будуць правілы паводзінаў у рэстаране. Ад кухні варта чакаць шырокі выбар алкаголю, агароднінных талерак і сушы, у якіх агурок займае палову рола і дададзены кітчэнес – кетчуп з маянэзам. Як кажуць, а што вы хацелі за 6 рублёў?

У асобным пакоі, курыльні, сядзяць тыя самыя нафтавікі з піўнымі жыватамі і дзяўчаты, якія разважаюць пра няўдалую цяжарнасць і думаюць, як склеіць таго хлопца за барнаю стойкаю. На танцпляцы з радасцю скачуць пад Святлану Лабаду і «Руки Вверх!», але чамусьці сыходзяць, ледзь пачаў гучаць Стынг.

Пэўнага шарму дадаюць адмыслова запрошаныя спявачкі з Гомля, чый голас гучыць пад фанеру, а сукенкі з сотнямі блёстак рэжуць вока ў прыглушаным святле.

У гэтым месцы адчуваецца дух пачатку 2000-ых, мужчыны ў блакітных кашулях глядзяць на жанчын у зялёных сукенках, злёгку скачучы ды праз слова лаючыся матам, дзіка гарлапаніць музыка і вам абавязкова забароняць патанчыць з куфлем. Чаму? Бо так сказала загадчыца…

П’яных боек мы не ўбачылі, людзям было весела, і відаць, што кожны прыйшоў сюды па сваё: хтосьці шукае сабе пару, хтосьці адпачывае ў коле сямʼі, і з усяго атачэння вылучаецца 20-гадовы афіцыянт з татуяваннямі на твары. Ён як нешта свежае сярод іншых.

Рэчыца – гэта не беларускі Дубай, і нафта не робіць з жыхароў гораду мільянераў. Гэта звычайны горад са звычайнымі людзьмі, дзе ў кожнага ёсць свае сем’і, мэты і праблемы. У праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў гаворыцца, што сярэдні заробак да 2020 года ў Рэчыцкім раёне мае скласці 1279 рублёў. Як кажуць, абяцанага тры гады чакаюць. Вельмі спадзяемся, што гэтыя лічбы закрануць не толькі тых, хто займаецца нафтаздабываннем.

Васіль Русецкі, фота аўтара belsat.eu

Стужка навінаў