У мясцовыя Саветы ў Беларусі абраныя 18 110 дэпутатаў. У Менскім і абласных саветах не будзе апазіцыі


Паводле афіцыйных дадзеных, на мясцовыя выбары прыйшлі 77,05% выбарцаў, гэта амаль 5 мільёнаў 333 тысячы 613 чалавек. У сакавіку 2014-га ў мясцовых выбарах паўдзельнічалі крыху менш – 77,4%.

Датэрміновае галасаванне пабіла рэкорд – амаль 35 % выбарнікаў прагаласавалі загадзя, хоць старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына прагназавала яўку ад 25 да 32 %. Афіцыйная датэрміновая яўка сёлета нават абагнала мінулыя мясцовыя выбары – у 2014 годзе яна склала 32,04 %.

Актыўней іншых на ўчасткі прыходзілі жыхары Віцебскай вобласці – 84,49%, у Менску – 61,41%.

Паводле папярэдніх «афіцыйных» вынікаў галасавання, у спісе пераможцаў у абласных саветах і Менскім гарадскім няма ніводнага прадстаўніка апазіцыйных партыяў. Але ўжо цяпер можна сказаць, што большасць месцаў будзе за беспартыйнымі.

Большасць прозвішчаў ні пра што не скажа, але ёсць і вядомыя асобы. У Менгарсавет трапіў былы фрыстайліст Аляксей Грышын, вядоўца АНТ Яўген Лашкоўскі. Ёсць бізнесоўцы, дактары, працаўнікі сферы адукацыі. Таксама ў Менгарсавеце будзе 6 прадстаўнікоў Камуністычнай партыі, 5 чальцоў Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, 3 чальцы Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі, а таксама па адной асобе ад Беларускай патрыятычнай партыі і Беларускай аграрнай партыі.

Сёлета выбарчыя камісіі абнавілі метады сваёй працы: да традыцыйных прыпісак і маніпуляцый дадаліся выбарчыя каруселі. Незалежныя назіральнікі цягам усяго тыдня фіксавалі шматлікія парушэнні. Лідзія Ярмошына ж заявіла, што кампанія «прайшла роўна і спакойна, а нават талерантна».

Нягледзячы на вонкавую мірнасць, аператару Андрусю Козелу, які быў на выбарах назіральнікам і вёў відэастрым у сваім прыватным акаўнце на «Фэйсбуку», разбілі галаву аб дзверы выбарчага ўчастку і забралі ў Цэнтральны РУУС Менску. Імаверна, сёння яго будуць судзіць за «напад на міліцыянтаў».

ДР belsat.eu

Стужка навінаў