«У мяне проста здалі нервы». У Магілёве судзяць актывіста за абразу суддзі.


15 кастрычніка ў судзе Магілёўскага раёну пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць магілёўскага актывіста Станіслава Паўлінковіча. Яго абвінавачваюць у абразе суддзі паводле арт. 391 Крымінальнага кодэксу.

Станіслаў Паўлінковіч.
Фота: Вольга Васільева / Белсат

Інцыдэнт адбыўся яшчэ 21 траўня, калі Станіслава Паўлінковіча вывезлі з ізалятара часовага ўтрымання на чарговы суд. Паколькі суд скончыўся не на карысць Паўлінковіча – суддзя суду Ленінскага раёну Аксана Ратнікава прысудзіла яму 15 содняў арышту і 45 б.в. штрафу, актывіста накрыла злосць і ён дазволіў сабе некультурныя выказванні.

«Я быў вельмі ўзрушаны, гаварыў на эмоцыях, віну сваю прызнаю. Я не хацеў абразіць менавіта суддзю Ратнікаву. Мае выказванні хутчэй датычыліся ў цэлым улады. Бо я лічыў і лічу зараз, што мяне пакаралі вельмі жорстка. Можна сказаць, несуразмерна маім дзеянням. У мяне проста здалі нервы, калі я пачуў чарговы вырак», – заявіў на судзе Паўлінковіч.

Актывіста затрымалі 8 траўня і прысудзілі яму 15 содняў арышту за ўдзел у мірным мітынгу. Чарговы суд 21 траўня для арыштаванага стаў вялікай неспадзяванкай. За што яго збіраюцца судзіць, хлопец даведаўся ўжо падчас самога працэсу. Суддзя Аксана Ратнікава да 15 содняў, якія адбываў Паўлінковіч, дадала яму яшчэ 15 содняў і штраф 45 базавых велічыняў (1215 рублёў) паводле арт. 23.4 (непадпарадкаванне) і 23.5 (абраза службовай асобы).
Станіслаў Паўлінковіч на судзе.
Фота: Вольга Васільева / Белсат

Дзяржаўны абвінаваўца на судзе 15 кастрычніка заявіў, што Паўлінковіч 21 траўня публічна абразіў суддзю Ратнікаву з мэтай знявагі яе гонару і годнасці з жадання адпомсціць за абвінаваўчы вырак. На думку пракурора словы Паўлінковіча былі выказаны ў рэзкай і грубай форме, іх чулі не толькі суддзя і сакратар, а таксама 2 канваіра.

Суддзя Максім Курпачанка выслухаў абодва бакі і прыняў рашэнне выклікаць у суд сведкаў. Наступнае паседжанне адбудзецца 23 кастрычніка.

Вольга Васільева, Белсат.

Стужка навінаў