У МУС Украіны заявілі пра ўцёкі кіраўніка ЛНР Платніцкага ў Расею


Кіраўнік «Луганскай народнай рэспублікі» Ігар Платніцкі пасля з’яўлення ў Луганску ўзброеных людзей з’ехаў у Расею.

Пра гэта паведаміў у «Фэйсбуку» дырэктар камунікацыі Міністэрства ўнутраных справаў Украіны Арцём Шаўчэнка.

«Паводле маіх крыніцаў, лідар луганскіх тэрарыстаў Ігар «Платва» Платніцкі збег у Расею. Павукі ў слоіку працягваюць жэрці адзін аднаго», – напісаў Шаўчэнка ў сацыяльнай сетцы.

Ён нагадаў, што папярэднік Платніцкага Валерый Балотаў уцёк у Маскву, дзе 27 студзеня 2017 памёр нібыта ад сардэчнага прыступу. Аднак ягоная жонка распавяла, што ён памёр неўзабаве пасля таго, як выпіў кубак кавы ў адным з бараў Масквы падчас «дзелавой» сустрэчы.

У той жа час у ЛНР заяўляюць, што Ігар Платніцкі знаходзіцца ў Луганску і сёння раніцай правёў нараду.

21 лістапада адміністрацыйныя будынкі Луганску заблакавалі невядомыя са зброяй ува ўніформе без апазнавальных знакаў. Пазней у горадзе адключылі тэлебачанне, радыё і мабільную сувязь.

НМ, belsat.eu, фотаздымак «РИА Новости»

Стужка навінаў