У «МТБанку» патлумачылі, чаму пандус для іх набыў вазочнік, а не яны самі


Аляксандру Аўдзевічу вернуць грошы, за якія ён набыў пандус для аднаго з банкаўскіх аддзяленняў.

Пасля публікацыі гісторыі Аляксандра Аўдзевіча, які цэлы год прасіў усталяваць пандус на ўваходзе ў адно з аддзяленняў «МТБанку» ў Лідзе, але не дачакаўся і зрабіў гэта сам, «Белсат» атрымаў адказ ад банку.

«Аляксандр звяртаўся ў аддзяленне МТБанка з просьбай абсталяваць уваход пандусам для інвалідаў-вазочнікаў. Пакуль працаўнікі банку вырашалі цэлы шэраг арганізацыйных і тэхнічных пытанняў, якія вынікаюць з неабходнасці як юрыдычнай асобы выканаць шматлікія рэгламентныя этапы пры правядзенні працаў па ўстаноўцы стацыянарнага пандусу, ініцыятыва Аляксандра па набыцці мабільнага пандусу дазволіла паскорыць гэты працэс», – напісала акаўнт-мэнэджарка «МТБанку» Марына Сянькоўская.

«Людзі, якія не проста скардзяцца ў сацыяльных сетках, а самі рухаюць свет да лепшага, сустракаюцца не так часта. І Аляксандр Аўдзевіч – адзін з іх«, – напісала Сянькоўская.

«МТБанк, вядома ж, кампенсуе Аляксандру выдаткаваныя ўласныя сродкі. Таксама мы выйшлі з ініцыятывай падтрымаць імкненне Аляксандра і супольна падрыхтаваць праект для інвалідаў-вазочнікаў», – дадала Марына Сянькоўская.

Аляксандру Аўдзевічу – 31 год. З юнацтва ён захапляўся экстрымам, а ў 2011 годзе трапіў у аварыю на хуткасным матацыкле. Пасля трагічнай падзеі ён стаў інвалідам-вазочнікам, але не перастаў рухацца: гэтак, нядаўна праехаў на хэндбайку са сваёй роднай Ліды на ўзбярэжжа Балтыйскага мора.

ДД

Стужка навінаў