У Мсціслаўскім раёне выявілі факт свіной чумы. Але вяскоўцы не вераць, што інфекцыя была


У верасні жыхароў вёскі Мілейкава, што ў Мсціслаўскім раёне, прымусілі пазбавіцца ад усіх сваіх свіней.

Нагодай для гэтага стаў адзіны выпадак афрыканскай свіной чумы, зарэгістраваны ў прыватным падворку, паведамляе сайт Horki.info.

Мясцовыя жыхары не разумеюць, навошта трэба было знішчаць свіней, да таго ж паблізу няма ніякіх свінакомплексаў.

«Вы не ўяўляеце, наколькі шкада сваёй працы. Мы тут усе пераважна пенсіянеры, і некалькі свіней у хляве – гэта вялікая дапамога да нашых бедных прыбыткаў. Свінні, якіх гаспадары пусцілі ў расход, былі здаровыя. Мяса і сала ад выгадаваных жывёлаў паклалі на захоўванне, а малых парсючкоў выкінулі і закапалі. Па ўсіх дварах хадзіла камісія і давала на подпіс паперу, у якой мы абавязваліся пазбавіцца ад свінняў. Раз трэба, значыць трэба, а куды дзявацца?» – распавядае жыхарка Мілейкава Валянціна.

Людзі нават сумняюцца, што агмень афрыканскай чумы сапраўды быў – у суседніх вёсках (а да бліжэйшай каля шасці кіламетраў) гэтыя жывёлы цэлыя і непашкоджаныя.

Непапулярныя сярод вяскоўцаў захады патлумачыў выконваючы абавязкі начальніка раённай ветэрынарнай станцыі Міхаіл Касценкоў:

«У гаспадара аднаго з падворкаў у Мілейкаве загінула парася. Мужчына сам адвёз мяса жывёлы ў абласную ветэрынарную лабараторыю, якая ўстанавіла, што гэта менавіта афрыканская чума. Хвароба не небяспечная для чалавека, але ўсе свінні гінуць. Прышчэпак ад гэтай заразы няма. Распаўсюджванне інфекцыі перадухіляюць захады каранціну, такія, як у дадзенай вёсцы».

НМ, belsat.eu, фотаздымак Vasily Fedosenko/ Forum

Стужка навінаў