У Мінпрацы распавялі, якую максімальную пенсію па ўзросце атрымліваюць беларусы


Мінімальная пенсія па ўзросту ў Беларусі ў лютым-красавіку сёлета склала 216,71 рубля. Такія выплаты атрымліваюць пры працоўным стажы 20/25 гадоў (сума без уліку надбавак). Пры гэтым максімальная пенсія па ўзросце пры стажы 40/45 гадоў склала за гэты ж перыяд 674,31 рубля (без уліку надбавак), паведамляюць у Мінпрацы.

19 красавіка Аляксандр Лукашэнка ў сваім пасланні да народа і парламенту заявіў, што сярэднія пенсіі па ўзросце беларусаў трэба падняць да 50 % ад сярэдняга заробку па краіне, піша TUT.BY. Пры гэтым такія суадносіны не павінна быць ніжэй за 40 %. Але калі б пенсіі па ўзросце паднялі цяпер да 50 % ад сярэдняй зарплаты, то выплаты пенсіянерам склалі б 488,8 рубля.

Улады не першы год плануюць падняць сярэдні памер пенсіяў да 40 % ад сярэдняга заробку па краіне: спачатку хацелі выйсці на гэты паказнік у 2018 годзе, але давялося перанесці на 2019 год. Раней улады прагназавалі, што сярэдняя пенсія па ўзросту ў Беларусі павінна скласці па выніках бягучага году 411 рублёў.

З 1 траўня ў Беларусі на 6,5 % паднялі працоўныя пенсіі. Грошы на павышэнне пенсіяў вылучаць з дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Паводле Мінпрацы, сярэдні памер працоўных пенсіяў у выніку пераразліку складзе 411,5 рубля, сярэдні памер пенсіі па ўзросце – 418,4 рубля.

З 1 траўня таксама выраслі мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пенсіі. Яны прывязаны да памеру бюджэту пражыткавага мінімуму.

1 траўня вырастуць заробкі, пенсіі – і кошты

СК belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары