У Міністэрстве аховы здароўя хочуць, каб у медыцыне працавала больш мужчынаў


У Беларусі рыхтуецца шэраг ініцыятываў, якія дазволяць прыцягваць больш мужчынаў у медыцыну. У Міністэрстве аховы здароўя лічаць мужчынаў больш выгаднымі працаўнікамі, бо тыя не сыходзяць у дэкрэтны адпачынак.

Пра гэта паведаміла на прэс-канферэнцыі 8 жніўня начальнік упраўлення кадравай палітыкі, установаў адукацыі Міністэрства аховы здароўя Вольга Маршалка, перадае агенцтва «Минск-Новости».

Цяпер у Беларусі ў дзяржаўных установах аховы здароўя працуюць 170 тыс. Спецыялістаў з сярэдняй і вышэйшай медычнай адукацыяй, з іх 85% – жанчыны.

Паводле В. Маршалкі, міністэрства працуе цяпер над тым, каб зрабіць галіну аховы здароўя прывабнай для абітурыентаў мужчынскага полу. Бо лекары-мужчыны – гарантыя таго, што яны не сыдуць у дэкрэтны адпачынак.

«Сёння 20% дактароў нашай краіны знаходзяцца ў дэкрэтным адпачынку, – канстатавала В. Маршалка. – Атрымліваецца, што па фізічных асобах медустановы добра ўкамплектаваныя, а па факце – не зусім. Цяпер мы вырашаем, як зрабіць галіну аховы здароўя больш прывабнай для прадстаўнікоў моцнага полу».

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў