У Міністэрстве адукацыі распавялі, як атэстуюць школьнікаў

Намеснік міністра адукацыі Беларусі Аляксандр Кадлубай адзначыў, што ў пытанні атэстацыі школьнікаў увесну 2020 года падыход будзе індывідуальны. Пра гэта паведамляе «Комсомольская правда».

«Навучэнцаў, якія хадзілі на заняткі ў чацвёртай чвэрці, атэстуюць па выніках чатырох чвэрцяў. Школьнікі, якія не наведвалі школу па заяве бацькоў, могуць быць атэставаныя па выніках трох чвэрцяў – гэта значыць адзнака за год выстаўляецца як сярэдняе арыфметычнае за першыя тры чвэрці», – заявіў намеснік міністра.

Паводле яго, вучням, якія працуюць самастойна над вывучэннем матэрыялу і жадаюць, каб іх атэставалі па выніках чацвёртай чвэрці, працуюць у цесным кантакце з настаўнікамі, выконваюць заданні, даюць іх для праверкі, трэба хоць бы адзін раз прыйсці да педагога для вочнага кантролю ведаў.

Камп’ютарызацыя ў каранціне: як энтузіясты дапамагаюць наладзіць дыстанцыйную адукацыю

«У гэтым выпадку адзнаку за чацвёртую чвэрць вучню таксама выставяць», – сказаў Кадлубай.

Ён падкрэсліў, што ў сённяшняй сітуацыі пандэміі каронавіруса «усе гэтыя варыянты маюць права на існаванне» і «падыход павінен быць індывідуальным».

Намеснік міністра адзначыў, што школы ў Беларусі наведваюць каля 40 % вучняў, у некаторых сельскіх раёнах – каля 70 %. Самы нізкі працэнт наведвальнасці школаў – у Менску.

Школу ў Іўі закрылі на каранцін. У дзвюх працаўніц – каронавірус

Чыноўнік таксама паабяцаў, што да канца бягучага года завершыцца праца над адукацыйнай платформай, якая дазваляе наладзіць якаснае дыстанцыйнае навучанне.

МГ belsat.eu

Hавiны